У другім нумары часопіса «Наша вера» (№ 2 (104), 2023) — успаміны, літаратуразнаўчыя даследаванні, матэрыялы па гісторыі каталіцтва ў нашым краі, паэзія, проза, пераклады і шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы.
Сайт часопіса «Ave Maria» прапануе бліжэй пазнаёміцца са зместам квартальніка, які ў ліпені можна набыць у парафіях.
Гэты нумар часопіса пачынаецца ўрыўкам з інтэрв’ю Гжэгажа Поляка з біскупам Ежы Мазурам SVD з нагоды яго юбілею (з кнігі «Ідзіце і абвяшчайце…» / «Idźcie i głoście...», 2020).
500-годдзю аднаго са знакаміцейшых твораў старажытнай беларускай літаратуры прысвечаны артыкул вядомых літаратуразнаўцаў Уладзіміра Кароткага і Жанны Некрашэвіч-Кароткай «„Песня пра зубра“ Мікалая Гусоўскага ў кантэксце хрысціянскай традыцыі эпохі Рэнесансу».
У рубрыцы «Ad fontes» увазе чытачоў прапануецца «Нарыс па гісторыі Мінскай дыяцэзіі» вядомага гісторыка, краязнаўцы Аляксандра Ельскага (заканчэнне).
У артыкуле «Айцец Феадосій Баравік OSBM» у рубрыцы «Постаці» гісторык-архівіст Андрэй Шпунт знаёміць чытачоў часопіса з дзейнасцю яшчэ аднаго выбітнага святара — базыліяніна Літоўскай правінцыі, гісторыка, які паходзіў з менскай беларускай шляхты.
У артыкуле Алега Глекава «Вобраз Маці Божай Будслаўскай у сучасным мастацтве» цікава апавядаецца пра творчае асэнсаванне постаці Багародзіцы ў мастацтве.
70-годдзю вядомага беларускага празаіка Франца Сіўко прысвечаны артыкул доктара філалагічных навук Івана Штэйнера «Усе шляхі вядуць да Міжрэчча: развагі над прозай Франца Сіўко».
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны падборкі вершаў вядомых паэтаў Васіля Зуёнка і Аксаны Данільчык.
Вядомы беларускі пісьменнік Леанід Дранько-Майсюк прапануе ўвазе чытачоў «Прозу з той кніжкі, якая можа быць».
Фалькларыстка Яніна Грыневіч ў арт. «Кампанія па збору беларускага фальклору на старонках газеты „Крыніца“» гаворыць пра важнасць народных і рэлігійных песняў у фармаванні нацыянальнай свядомасці.
Літаратуразнаўца і перакладчыца Ірына Багдановіч працягвае знаёміць чытачоў з творчасцю выдатнай пісьменніцы нашага краю ХІХ стагоддзя Габрыэлі Пузыні — гэтым разам друкуецца яе твор «Ян Рэннер. Успамін пра музыканта» ў перакладзе з польскай мовы.
У рубрыцы «Пераклады» змешчана апавяданне Георга Освальда Котта «Віды з вокнаў Вольфенбютэльскага замка» ў перастварэнні на беларускую мову з нямецкай Алены Сямёнавай-Герцаг.
У рубрыцы «На кніжнай паліцы» змешчаны артыкул Язэпа Янушкевіча «І толькі надпіс…» і Сяргея Чыгрына «Позні пратэстантызм у Заходняй Беларусі», у якіх распавядаецца пра новыя выданні апошняга часу.
Журналістка Эла Дзвінская ў артыкуле «Хор, які выхоўвае ў любові да Бога» знаёміць чытачоў з творчасцю адметнага музычнага калектыву — мінскага Госпэл-хору, якому нядаўна споўнілася 10 гадоў.