Пошук

25.08.2017 09:49   be.radiovaticana.va / Catholic.by

Літургічная рэформа з’яўляецца неадваротнай, падкрэсліў папа Францішак 24 жніўня падчас сустрэчы з удзельнікамі 68-га Італьянскага літургічнага тыдня, які праходзіць у Рыме з нагоды 70-годдзя заснавання каталіцкай асацыяцыі «Цэнтр літургічнага дзеяння». Тэма форума — «Жывая літургія для жывога Касцёла».

Праз канстытуцыю Sacrosantum concilium Другі Ватыканскі Сабор садзейнічаў развіццю «жывой літургіі для Касцёла», каб «хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні», адзначыў Папа.

Напрамак, які быў дадзены Саборам, набыў форму ў літургічных кнігах, зацверджаных бл. Паўлам VI. Практычнае ж засваенне гэтых літургічных указанняў, на думку папы Францішка, «яшчэ ў працэсе», бо «недастаткова рэфармаваць літургічныя кнігі, каб аднавіць ментальнасць»: гэты працэс «патрабуе часу, слушнага ўспрыняцця, практычнай паслухмянасці, мудрага ўжывання ў літургіі, як з боку пасвячаных, так і іншых служыцеляў, кантараў і ўсіх, хто ўдзельнічае ў літургіі».

Святы Айцец падкрэсліў, што літургія — гэта не ідэя, якую трэба зразумець, ці абрад, які трэба здзейсніць, але досвед, які трэба перажыць, досвед, які змяняе жыццё і думкі. Ёсць вялікая розніца паміж тым, каб «казаць, што Бог існуе, і адчуваць, што Бог нас любіць такімі, якімі мы ёсць, зараз і тут». Так абрады і малітвы становяцца «школай хрысціянскага жыцця», лічыць папа Францішак.

Пантыфік адзначыў, што па сваёй прыродзе літургія з’яўляецца «народнай», а не клерыкальнай, паколькі гаворка ідзе не толькі пра дзеянне для народа, але і пра дзеянне народа. «Як нагадваюць шматлікія літургічныя малітвы, гэта дзеянне, якое сам Бог чыніць дзеля дабра свайго народа, але таксама і дзеянне народа, які слухае Бога, які адказвае, праслаўляючы Яго, усклікаючы да Яго, прымаючы невычэрпную крыніцу жыцця і міласэрнасці, што выцякае са святых знакаў», — сказаў папа Францішак і заклікаў падтрымліваць «практыкі і звычаі, вядомыя нам як народная пабожнасць».

Напрыканцы звароту Святы Айцец нагадаў, што багацце Касцёла, які моліцца, Каталіцкага Касцёла, не абмяжоўваецца рымскім абрадам: хоць ён і з’яўляецца найбольш распаўсюджаным. Усе абрады — заходнія і ўсходнія — «надзяляюць голасам адзіны Касцёл, які моліцца праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, на хвалу Айца і дзеля збаўлення свету», падкрэсліў папа Францішак.

Абноўлена 25.08.2017 13:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа