Падчас свайго візіту ў Чылі 16-18 студзеня 2018 г. папа Францішак будзе цэлебраваць тры св. Імшы з вернікамі.
Пра гэта распавёў генеральны сакратар Канферэнцыі Біскупаў Чылі і каардынатар папскай пілігрымкі, біскуп Луіс Фернанда Рамон Перэc.
Першая св. Імша з удзелам Папы Рымскага пройдзе ў Parque O’Higgins – другім па велічыні гарадскім парку ў сталіцы краіны, горадзе Санцьяга. Другую св. Імшу Папа ўзначаліць на тэрыторыі аэрапорта Maquehue, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад горада Тэмука, у цэнтральнай частцы краіны. Трэцця літургія з удзелам Святога Айца пройдзе на пляжы Lobito, у ваколіцах Ікіке, на поўначы Чылі.
Плануецца, што падчас прабывання ў сталіцы краіны папа Францішак наведае жаночую турму, катэдральны касцёл, марыйны санктуарый і санктуарый св. Альбэрта Уртада, Папскі чылійскі ўніверсітэт. Святы Айцец сустрэнецца таксама з Прэзідэнтам Чылі Мішэль Бачэлет у яе рэзідэнцыі – палацы «Ла Манэда».
Праграма падарожжа папы Францішка ў Чылі яшчэ не была канчаткова зацверджана. Яна складаецца такім чынам, каб дазволіць як мага большай колькасці вернікаў прыняць удзел у сустрэчах з наступнікам св. Пятра, паведаміў біскуп Перэс.
Візіт Пантыфіка ў Чылі стане часткай яго чарговага падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Адтуль – 18-21 студзеня 2018 г. – ён адправіцца ў Перу, дзе яго чакаюць у Ліме, Пуэрта-Мальданада і Трухільё. Гэта будзе ўжо шосты візіт Францішка ў Лацінскую Амерыку падчас яго Пантыфікату, пасля Бразіліі; Эквадору, Балівіі і Парагваю; прыпынку на Кубе; Мексікі; вераснёўскага падарожжа ў Калумбію.