Папа і яго Дзяржаўны сакратарыят застаюцца «цвёрдымі прыхільнікамі» рашэння крызісу ў Венесуэле. Яно павінна быць «мірным і дэмакратычным». У гэтым запэўніў кардынал Пьетра Паралін падчас сустрэчы з журналістамі.
Дзяржсакратар Яго Святасці сказаў, што пасрэдніцтва Касцёла палягае на дапамозе ўсім, без выключэння, заклікаючы кожнага да адказнасці, і «крытэрыем тут павінна быць дабро ўсяго народу».
Кантэкстам гэтай заявы сталі выбары ва Устаноўчы сход, скліканы 31 жніўня Прэзідэнтам Нікаласам Мадурай, які павінен рэфармаваць венесуэльскую канстытуцыю. Ідэя выклікала бурныя пратэсты і частковы байкот галасавання. Толькі ў мінулыя дні ў вулічных сутыкненнях загінулі 13 чалавек, у тым ліку адзін з кандыдатаў ва Устаноўчы сход. Мясцовы Касцёл таксама раскрытыкаваў ідэю канстытуцыйных зменаў, звяртаючы ўвагу на тое, што рэформа ўяўляе сабой пагрозу для дэмакратыі.
«Вельмі шмат загінулых», — пракаментаваў падзеі ў Венесуэле кардынал Паралін. Іерарх адзначыў, аднак, што ўдзел Святога Пасаду ў гэтым пытанні павінен быць максімальна далікатны ва ўмовах вялікай напружанасці. «Неабходна знайсці мірны і дэмакратычны выхад з гэтай сітуацыі, і спосаб заўсёды аднолькавы: трэба сустракацца і размаўляць, але сур’ёзна, выпрацоўваючы рашэнні», — сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці.
На гэтай жа сустрэчы з журналістамі каля Белуна ў Паўночнай Італіі кардынал закрануў і гарачую тэму міграцыі. Іерарх падкрэсліў, што асноўнымі этычнымі прынцыпамі тут павінны быць «гасціннасць і здольнасць бачыць у іншым не пагрозу, а чалавека, з якім трэба весці дыялог, пераадольваючы прадузятасці». Аднак гэтая велікадушнасць павінна суправаджацца «эфектыўнымі і добрасумленнымі намаганнямі па кіраванні гэтай з’явай, паколькі яна не можа быць пакінута толькі велікадушнасці добрых сэрцаў асобных людзей».
«Трэба прыкласці ўсе намаганні, каб злучыць першы абавязак прыняцця з дакладнай і скаардынаванай дзейнасцю, накіраванай на ўпарадкаванне гэтай з’явы такім чынам, каб гасціннасць магла ператварыцца ў інтэграцыю, не выклікаючы небяспечнага дысбалансу», — сказаў Дзяржсакратар. Іерарх адзначыў, што на міжнародным узроўні патрэбна супрацоўніцтва краін для выдалення прычын міграцыі і беднасці, а таксама спынення гандлю людзьмі.