Крывадушнасць не з’яўляецца «мовай» Езуса і не павінна быць мовай хрысціяніна, крывадушнік здольны забіць супольнасць — гэтыя думкі Папа Рымскі Францішак агучыў падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане 6 чэрвеня.
Іншыя выказванні Пантыфіка:
- «У сучасным Касцёле мноства святых, якія ўсё жыццё праводзяць у ананімным служэнні іншым»
- «Бяжыце ад касцёльнага кар’ерызму»
- «Колькі ж людзей адышло, бо не адчувалі, што іх разумеюць?»
Пантыфік падкрэсліў, што хрысціянскай мовай павінна з’яўляцца праўда, і перасцярог ад спакус крывадушнасці і ліслівасці.
Папа Францішак нагадаў, што менавіта слова «крывадушнікі» Хрыстус шматразова выкарыстоўваў у адносінах да настаўнікаў закона, якія паказвалі адно, а думалі іншае.
«Крывадушнасць заўсёды звязана з ліслівасцю, з імкненнем падлізацца. Гэта перабольшванне таго, што ёсць у рэальнасці, каб выклікаць у іншым чалавеку самалюбства», — зазначыў Пантыфік.
Паводле яго слоў, Езус паказвае рэальнасць, якая з’яўляецца супрацьлегласцю крывадушнасці:
«Паколькі праўдзівая толькі рэальнасць, усё астатняе або крывадушнасць, або ідэалогія, — заўважыў Святы Айцец і нагадаў гісторыю, калі Езусу прынеслі дынар, каб яго выпрабаваць: «Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу», — адказаў тады Хрыстус.
Мова крывадушнасці з’яўляецца мовай падману, яна пачынаецца з ліслівасці, затым нішчыць асобу, імкнецца завалодаць душой і ў выніку забівае супольнасць.
«Калі ў супольнасці ёсць крывадушнікі, там існуе вялікая небяспека, — папярэдзіў Папа. — Крывадушнасць робіць так шмат шкоды ў Касцёле, бо крывадушнік — гэта заўсёды знішчальнік».
Папа Рымскі заклікаў прасіць у Бога ласку, каб не патрапіць у пастку крывадушнасці, казаць праўду, а калі ж гэта немагчыма, проста маўчаць.