«Любыя спекуляцыі на тэму фацімскіх таямніцаў не патрэбныя, паколькі тое, што аб Фаціме павінна было быць сказана, было публічна абвешчана, і гэта ўсё зводзіцца да асноўнага паслання хрысціянскай веры, што Хрыстус уваскрос, жывы і з’яўляецца Панам гісторыі», — сказаў кардынал П’етро Паралін.
За два дні да пілігрымкі Папы ў Фаціму, Дзяржсакратар падкрэсліў асаблівым чынам адзін з аспектаў падзей, якія адбыліся 100 гадоў таму, а менавіта той факт, што Марыя аб’явілася не багатым і ўплывовым, а дзецям, бедным, у пэўным сэнсе, найменш значным у свеце.
Кардынал Паралін таксама патлумачыў, у чым заключаецца місія фацімскіх аб’яўленняў у адносінах да Касцёла. «Прарочая місія Фацімы, каб нагадаць Касцёлу, чым ён з’яўляецца і якім павінен быць, што павінен прапаведаваць сённяшняму свету. Касцёл з’яўляецца супольнасцю, якая абвяшчае новае неба і новую зямлю, чакае іх і амаль прадбачыць, як сказаў бы Сабор, апускаючыся ў раны гісторыі, асабліва ў самыя цёмныя і самыя балючыя, з сілай любові, каб ператварыць гэту гісторыю.
У гэтым прарочае пасланне Фацімы, а таксама прарочая пасланне Касцёла, таму што яны абое ў пэўным сэнсе сыходзяцца», — сказаў Ватыканскаму радыё кардынал Паралін.
Дзяржсакратар таксама звярнуў увагу на важнасць марыйных санктуарыяў, такіх як Фаціма. Паводле яго слоў, у іх не перастаюць гучаць словы, якія Марыі сказаў Арханёл, што для Бога няма нічога немагчымага. І, відаць, з гэтай прычыны санктуарыі называюць клінікамі духа. «Таму што дзякуючы словам Арханёла чалавек вызваляецца ад цяжару мінулага, гледзячы ў будучыню з упэўненасцю, і кажа як Марыя: “Няхай мне станецца”».