30 студзеня кардыналу Джаванні Батысце Рэ, Дэкану Калегіі кардыналаў, споўнілася 90 гадоў.
Як нагадвае партал Niedziela.pl, 5 студзеня мінулага года менавіта кардынал Рэ здзейсніў пахавальныя абрады над труной з парэшткамі Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVI і цэлебраваў святую Імшу за душу спачылага пры алтары на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
Дэкан Калегіі кардыналаў адыгрывае важную ролю ў Касцёле падчас так званага sede vacante, гэта значыць часу паміж двума пантыфікатамі, калі папская катэдра застаецца вакантнай. Менавіта ён пасля смерці ці, як было ў мінулы раз, адстаўкі Папы склікае кардыналаў з усяго свету ў Рым на канклаў — выбары новага Пантыфіка. Дэкан узначальвае пасяджэнні гэтага органа перад выбарамі новага наступніка святога Пятра, падчас якіх адбываецца прадстаўленне найбольш верагодныя кандыдаты на гэтую пасаду. Ён таксама прамаўляе апошняе важнае казанне падчас урачыстага набажэнства ў базыліцы святога Пятра непасрэдна перад уваходам кардыналаў у Сікстынскую капэлу. Аднак у наступным канклаве кардынал Рэ не будзе ўдзельнічаць, бо яму ўжо больш за 80 гадоў, што выключае яго з групы выбаршчыкаў.
Роля «чалавека з Борна», камуны непадалёк ад возера Гарда на поўначы Італіі, вельмі важная ў цяперашнім пантыфікаце.
У адным з інтэрв’ю Папа Францішак адзначыў, што хоць кардынал, старэйшы за яго на тры гады, адкрыта не згодны з ім па некаторых пытаннях, тым не менш ён з павагай ставіцца да яго парад і поглядаў.
Вакол цяперашняга Папы не так шмат кардыналаў, якія карысталіся б такой павагай, як Дэкан калегіі.
Аўтарытэт 90-гадовага кардынала з’яўляецца вынікам яго адкрытасці і вельмі рашучага і эфектыўнага падыходу да праблем і канфліктаў. Гэты былы папскі дыпламат ужо 53 гады працуе ў цэнтры ўлады Рымскай Курыі і перажыў за гэты час чатырох папаў. Ён працаваў на розных пасадах у двух найважнейшых ведамствах Ватыкана: у 1989–2000 гадах быў субстытутам, або «намеснікам» Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Яна Паўла ІІ, а на працягу наступных дзесяці гадоў быў прэфектам Кангрэгацыі па справах Біскупаў.
Ва ўзросце 79-і гадоў кардынал Рэ старшынстваваў на канклаве ў сакавіку 2013 года, падчас якога кардыналы абралі Папам аргентынца Хорхэ Марыё Бэргольё. Ролю мадэратара павінен быў выканаць тагачасны Дэкан кардынальскай калегіі Анджэло Садана, але ён на той час ужо быў старэйшы за 80 гадоў.
З часоў святога Паўла VI, святога Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI, кардынал Рэ — адзін з нямногіх жывых кардыналаў, якія ўсё яшчэ маюць уладу і ўплыў у Ватыкане.
Калі штогод перад Божым Нараджэннем Папа звяртаецца да кіраўнікоў ведамстваў Рымскай курыі з прамовай, яго вітае кардынал Рэ. 21 снежня 2023 года Папа Францішак пракаментаваў энергічную прамову кардынала словамі: «Я хацеў бы падзякаваць кардыналу Рэ за яго словы, а таксама за яго энергію. 90-гадовы чалавек з такой энергіяй! Так трымаць!»
Але роля Дэкана калегіі не абмяжоўваецца толькі цырыманіяльнымі функцыямі. Яго слова як найбліжэйшага дарадцы Папы з самым доўгім тэрмінам службы, відаць, усё яшчэ мае вагу, нават калі гаворка ідзе пра кадравыя рашэнні. Паводле непацверджаных звестак адной з італьянскіх газет, калі год таму ў Ватыкане рыхтаваліся кадравыя змены на вышэйшым узроўні, кардынал Рэ не дазволіў нямецкаму біскупу Хайнэру Вільмэру стаць Прэфектам Дыкастэрыі веравучэння. Замест яго Папа Францішак прызначыў свайго суайчынніка, цяпер кардынала Віктара Фэрнандэса, які з таго часу стаў часта з’яўляцца на першых старонак газет.
Больш за тры гады кардынал Рэ неаднаразова замяняў хворага Папу пры алтары падчас пантыфікальных цэлебрацый.
Якую ролю адыграе кардынал дэкан перад наступным канклавам, залежыць перш за ўсё ад яго здароўя.
Джаванні Батыста Рэ нарадзіўся 30 студзеня 1934 года ў Борна ў дыяцэзіі Брэшыя ў Ламбардыі, на поўначы Італіі. Пасля вучобы ў ніжэйшай і вышэшай духоўнай семінарыі з 1945 па 1957 год атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне 3 сакавіка 1957 года. Праз паўтара года ён пачаў навучанне ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і Папскай касцёльнай акадэміі ў Рыме. У 1962 годзе атрымаў ступень доктара кананічнага права. У наступным годзе пачаў працаваць у папскай дыпламатыі, між іншым, у нунцыятурах у Панаме і Іране. Пасля вяртання ў Ватыкан з 1971 годзе працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце Святога Пасаду, дзе з 12 снежня 1979 года быў асэсарам, а ў 1989–2000 годзе — субстытутам (намеснікам) Дзяржсакратара па агульных справах. 9 кастрычніка 1987 года Ян Павел ІІ прызначыў яго сакратаром Кангрэгацыі па справах Біскупаў, ўзвёў у годнасць арцыбіскупа і асабіста пасвяціў яго 7 лістапада таго ж года. Адначасова іерарх быў і сакратаром Калегіі кардыналаў.
16 верасня 2000 года Папа прызначыў Джавані Батыста Рэ прэфектам Кангрэгацыі па справах Біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. 21 лютага наступнага года Святы Айцец уключыў яго ў Калегію кардыналаў. З 1 кастрычніка 2002 года ён стаў кардыналам-біскупам.
Кардынал Рэ быў адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ, які часта прымаў яго на аўдыенцыях. У ліпені 1998 года ён скарыстаўся тым, што Святы Айцец праводзіў свой летні адпачынак ў Ларэнцага-дзі-Кадорэ, і запрасіў яго ў свой родны горад Борна. Гэта было вялікае свята для ўсёй мясцовасці. Упершыню і адзіны раз Пантыфік падчас свайго летняга адпачынку здзейсніў паездку «па-сяброўску» на радзіму курыяльнага саноўніка. Каментатары ўспрынялі гэта як асаблівы выраз удзячнасці і даверу Святога Айца аднаму са сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў.