Пошук

31.01.2023 07:07   Vatican News
Фота: CNS photo

30 студзеня Папа Францішак прызначыў новага Прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, прыняўшы адстаўку яго папярэдніка.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прыняў просьбу канадскага кардынала Марка Уэле аб адстаўцы з пасады прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў і старшыні Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі ў сувязі з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту.

У той самы дзень Папа Францішак прызначыў яго наступнікам 67-гадовага аўгустыніяніна біскупа Робэрта Фрэнсіса Прэвоста OSA, пастыра дыяцэзіі Чыклая ў Перу, якому Папа надаў годнасць арцыбіскупа ad personam (персанальнага).

Новапрызначаны прэфект прыступіць да выканання сваіх абавязкаў 12 красавіка 2023 года.

Робэрт Фрэнсіс Прэвост нарадзіўся ў 1955 годзе ў Чыкага, у ЗША. У 1977 годзе ўступіў у Ордэн святога Аўгустына. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1985 годзе. У 2001 годзе быў абраны генеральным настаяцелем гэтай манаскай супольнасці, а ў 2007 годзе пераабраны на чарговы шасцігадовы тэрмін.

У 2014 годзе Папа Францішак прызначыў яго Апостальскім адміністратарам перуанскай дыяцэзіі Чыклая, а праз год яе біскупам. У 2019 годзе іерарх стаў членам Кангрэгацыі па справах Духавенства, а ў 2020 годзе — Кангрэгацыі па справах Біскупаў.

Дыкастэрыя па справах біскупаў — гэта ведамства Рымскай Курыі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць стварэнне і рэарганізацыя касцёльных тэрытарыяльных структур і прызначэнне біскупаў лацінскага абраду, за выключэннем місіянерскіх тэрыторый.

Абноўлена 31.01.2023 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа