Прадстаўнік Святога Пасаду прыняў удзел у дыскусіі, якая прайшла 24 красавіка ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, прымеркаванай да дзясятай гадавіны Дэкларацыі аб правах карэнных народаў.
Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса нагадаў, што два месяцы таму, Францішак сустрэўся ў Ватыкане з групай прадстаўнікоў карэнных народаў з розных частак свету і падкрэсліў два аспекты іх правоў: права на развіццё і права на самабытнасць.
Апостальская Сталіца лічыць, што для прасоўвання праўдзівага развіцця карэнных народаў, павінны быць узгоднены яго культурны, сацыяльны і эканамічны аспекты. Гэта актуальна пры планаванні гаспадарчай дзейнасці, якая можа канфліктаваць з культурай гэтых народаў і іх стаўленнем да зямлі і да прыроды. Гаворка ідзе як пра ўрадавыя ініцыятывы, так і праекты прыватнага сектара.
Карэнныя супольнасці — гэта не толькі адны з меншасцяў; яны павінны быць асноўнымі партнёрамі па дыялогу, калі буйныя праекты ўплываюць на іх спрадвечныя землі. Для гэтых людзей зямля з’яўляецца не таварам, а падарункам ад Бога і продкаў.
Тым не менш, у розных частках свету на іх аказваецца ціск, каб яны адмовіліся ад сваёй радзімы, каб вызвалілі месца для сельскагаспадарчых або горнарудных праектаў, якія ажыццяўляюцца са шкодай для прыроды і традыцый.
У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца заклікала краіны да распрацоўкі нацыянальных стратэгій, якія закладаюць неабходнасць кансультацый з карэннымі народамі адносна праектаў развіцця як з важнай часткай супольнасці і поўнымі яе членамі.
Павага да самабытнасці карэнных народаў спрыяе клопату пра планету, бо іх традыцыі падкрэсліваюць важнае ўзаемадзеянне і ўзаемазалежнасць чалавечай асобы і прыроды. Яны таксама маюць павышанае пачуццё салідарнасці паміж пакаленнямі; адсюль клопат пра навакольнае асяроддзе ў інтарэсах сваіх дзяцей і ўнукаў. «У сувязі з гэтым карэнныя народы заслугоўваюць не толькі нашай павагі, але і нашай падзякі і падтрымкі», — завяршыў сваю прамову ў ААН пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.