Пошук

26.01.2017 09:47  

58 гадоў таму, 25 студзеня 1959 г., Ян XXIII, у базыліцы святога Паўла за Мурамі, абвясціў аб скліканні Другога Ватыканскага Сабору. Гэта адбылося праз 3 месяцы пасля яго абрання на папскі пасад.

Ужо 17 мая таго ж года была ўтворана перадпадрыхтоўчая камісія. Пантыфік заклікаў біскупаў, манаскія кангрэгацыі, універсітэты і іншыя структуры Каталіцкага Касцёла да шырокага ўдзелу ў вызначэнні праблем, якія патрабуюць саборнага абмеркавання. Яшчэ праз месяц Ян XXIII выпусціў энцыкліку Ad Petri Cathedram, у якой коратка пазначыў мэты будучай асамблеі: развіццё каталіцкай веры, абнаўленне (aggiornamento) хрысціянскага жыцця, адпаведнасць касцёльнай дысцыпліны патрэбам часу.

За год у перадпадрыхтоўчую камісію паступіла больш за 3 тыс. адказаў і прапаноў. Летам 1960 г. яна была ператворана ў падрыхтоўчую камісію, узначаліў якую сам Пантыфік.

11 кастрычніка 1962 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору, на якім прысутнічалі 2540 удзельнікаў, а таксама назіральнікі ад іншых хрысціянскіх Цэркваў. Было запрошана каля 300 экспертаў, якія прымалі ўдзел у якасці кансультантаў і рэдактараў дакументаў. Выступленне Яна ХХІІІ на ўрачыстым адкрыцці зрабіла моцнае ўражанне на палітыкаў і назіральнікаў аптымізмам і духам надзеі ў момант небяспечнага Карыбскага крызісу, калі свет стаяў на мяжы ядзернай вайны.

Першая сесія асамблеі працягвалася амаль месяц. На ёй абмяркоўваліся праекты дакументаў аб Касцёле, Аб’яўленні, аб сродках масавай камунікацыі і шэраг іншых.

Цырымонія закрыцця Другога Ватыканскага Сабору адбылася 8 снежня 1965 г. на плошчы перад базылікай святога Пятра, але ўжо без удзелу Яна ХХІІІ, памерлага падчас трывання асамблеі, 3 чэрвеня 1963 г. яе ўзначаліў яго наступнік, папа Павел VI.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.