Пошук

12.01.2017 08:22  

Дзесяць кананізацый і чатырнаццаць беатыфікацый прайшлі ў Каталіцкім Касцёле на працягу 2016 года. Асобы, абвешчаныя святымі, паходзілі з васьмі розных краін: Албаніі, Аргентыны, Францыі, Італіі, Польшчы, Мексікі, Іспаніі і Швецыі. Гэтымі дадзенымі падзяліўся прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі 9 студзеня ў Папскім універсітэце Urbaniana.

Паводле кардынала Амата, словы якога прыводзіць L’Osservatore Romano, сярод дзесяці новых святых: адзін біскуп — Мануэль Гансалес Гарсія і чатыры святары — Габрыэль Брачэра, Ян Папчынскі, Лодавіка Павоні і Альфонса Марыя Фуска, тры з якіх былі заснавальнікамі манаскіх супольнасцяў.

Акрамя таго, на працягу мінулага года быў кананізаваны мучанік эпохі Французскай рэвалюцыі кс. Саламо Леклерк, тры законніцы: Маці Тэрэза з Калькуты, Элізабэта Хэзэльблад і Элізабэта ад Найсвяцейшай Тройцы, а таксама 14-гадовы мучанік антырэлігійнага пераследу ў Мексіцы: Хасэ Санчэс дэль Рыа.

Новыя благаслаўленыя паходзяць з сямі розных краін: Албаніі, Аргентыны, Францыі, Германіі, Італіі, Казахстана і Лаоса. Агульная колькасць беатыфікаваных у 2016 годзе мучанікаў — 69. Сярод іх святары, законнікі і свецкія вернікі. У той час, як вызнаўцаў веры было 7: чатыры жанчыны і тры мужчыны.

Кардынал Амата таксама заўважыў, што з 2006 па 2016 гг. было складзена 351 «positiones» — дасье адносна цнотаў, мучаніцтва або цудаў, учыненых праз заступніцтва кандыдатаў да хвалы алтароў з Афрыкі, Азіі, Акіяніі, Еўропы, Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.

З гэтых дакументаў 293 тычацца гераічнасці цнотаў і 58 – мучаніцтва. Шэсць святых, справы якіх былі ў гэтым спісе, былі кананізаваны па спецыяльным дэкрэце Пантыфіка, без правядзення ўсёй кананізацыйнай працэдуры. Гэта: св. Хільдэгарда Бінгенская, св. Анджэла з Фальніа, св. Пьер Фаўр, св. Марыя ад Уцелаўлення, св. Жазэ дзі Аншыета, св. Франсуа дэ Лаваль. Тры «positiones» тычыліся абвячшэння Доктараў Касцёла: св. Яна Авільскага, св. Хільдэгарды Бінгенскай і св. Грыгорыя з Нарэка.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа