Пошук

22.05.2017 16:48  

14 мая падчас набажэнства на плошчы Святога Пятра ў Рыме падчас малітвы «Уладарка неба» папа Францішак прааналізаваў Евангелля з дня, у якім згадваецца Апошняя вячэра Езуса з вучнямі.

Прыводзячы словы Хрыста «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму» (пар. Ян 14, 21), Папа адзначыў, што да пазнання Езуса нас вядзе любоў.



«Любоў да Бога і да бліжняга — гэта галоўная запаведзь Евангелля, — падкрэсліў Святы Айцец. — У цэнтры любых адносін знаходзіцца ўменне любіць адно аднаго, быць добразычлівымі па прыкладзе Пана і з Ягонай ласкай».

«Колькі ж людзей адышло з Касцёла з-за плётак?!»

Як дадаў Пантыфік, часам спрэчкі, пыха, зайздрасць і падзелы таксама пакідаюць свой знак на прыгожым абліччы Касцёла...

«Супольнасць хрысціянаў нібы павінна жыць у любові Хрыста, але ж менавіта тут злы дух ставіць на нас “пастку”, і часам мы даём яму сябе падмануць, — звярнуў увагу папа Францішак. — Расплачваюцца за гэта людзі найбольш слабыя духоўна.

Колькі ж такіх людзей — і вы некаторых з іх ведаеце — колькі ж такіх людзей адышло, бо не адчувалі, што іх прымаюць; не адчувалі, што іх разумеюць; не адчувалі, што іх любяць. Колькі людзей адышло, напрыклад, з нейкай парафіі або супольнасці з-за плётак, зайздрасці, нядобразычлівасці, з якімі сутыкнуліся ў гэтых асяроддзях».

«Мастацтву любові трэба цярпліва вучыцца ў Хрыста»

Паводле слоў Пантыфіка, нават для хрысціяніна ўменне любіць ніколі не бывае раз і назаўжды набытай здольнасцю.

«Кожны дзень трэба пачынаць з практыкі, каб нашая любоў да братоў і сясцёр, якіх мы сустракаем, станавілася сталай і свабоднай ад тых абмежаванняў і грахоў, якія робяць яе выбарчай, эгаістычнай, скупой і нявернай», — зазначыў Святы Айцец.

Папа Францішак дадаў, што мастацтвам любіць трэба авалодваць штодня.

«Адчуйце гэта: кожны дзень неабходна авалодваць мастацтвам любіць, кожны дзень неабходна цярпліва вучыцца ў Хрыста, кожны дзень неабходна прабачаць і глядзець на Езуса, і ўсё гэта з дапамогаю таго “адваката”, таго суцяшыцеля, якога нам спаслаў Езус — Святога Духа».

«Няхай Дзева Марыя, найлепшая вучаніца свайго Сына і Пана, дапаможа нам быць больш паслухмянымі Суцяшыцелю, духу праўды, каб кожны дзень вучыцца любіць адзін аднаго так, як Езус палюбіў нас», — заключыў Пантыфік.

Падрыхтаваў дк. Мікола Гракаў

Абноўлена 21.08.2017 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.