Пра Марыю Магдалену як апосталку новай і найпрыгажэйшай надзеі казаў папа Францішак 17 мая падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Святы Айцец падкрэсліў, што ў гадзіну плачу і пакінутасці яна пачула ўваскрослага Хрыста, які клікаў яе па імені, каб з сэрцам поўным радасці яна пайшла і абвяшчала: «Я бачыла Пана!»
Кажучы пра дарогу Марыі Магдалены да грабніцы, якая ішла туды, каб намасціць алеямі цела Пана, Пантыфік заўважыў, што яна адлюстроўвае вернасць многіх жанчын, якія гадамі ходзяць сцежкамі могілак, памятаючы пра кагосьці, каго ўжо няма. «Самыя аўтэнтычныя сувязі не абрывае нават смерць: ёсць тыя, хто працягвае любіць, нават калі любая асоба адышла назаўсёды», — сцвердзіў Святы Айцец.
Папа Францішак падкрэсліў, што Марыя Магдалена была жанчынай, не схільнай да энтузіязму, і калі ўбачыла пустую магілу, падумала, што нехта скраў цела Пана. Таму першая вестка, якую яна несла, заключалася ў тым, што невядомыя скралі цела пакуль Ерузалем спаў. Для таго, каб яна адкрыла праўду ўваскрасення, трэба было, каб Езус назваў яе па імені. Каментуючы гэтую сцэну, Папа сцвердзіў: «Самым цудоўным з’яўляецца тое, што Бог значна раней паклапаціўся пра нашае жыццё, якое хоча палепшыць, а каб здзейсніць гэта, Ён кліча нас па імені, распазнаючы асабістае аблічча кожнага. Кожны чалавек з’яўляецца аповесцю любові, якую Бог піша на гэтай зямлі».
«Езус не прыстасоўваецца да свету, згаджаючыся, каб трывалі ў ім смерць, смутак, нянавісць, маральнае знішчэнне асоб... Наш Бог не абыякавы, наш Бог, дазволю сабе сказаць, летуценнік, Ён марыць аб трансфармацыі свету, а здзейсніў Ён гэта ў таямніцы змёртвыхпаўстання», — адзначыў Святы Айцец.
Папа Францішак нагадаў, што Марыя Магдалена перад сустрэчай з Езусам была ва ўладзе злога, але цяпер яна стала апосталкай новай і самай прыгожай надзеі. «Няхай Яе заступніцтва дапаможа і нам перажыць гэты досвед: я змяніў сваё жыццё, бо ўбачыў Пана!» — завяршыў сваю катэхезу Пантыфік.
Паводле КАІ (VGr)