Пошук

02.05.2017 13:09  

Восем краін Лацінскай Амерыкі — Аргенціна, Бразілія, Чылі, Калумбія, Коста-Рыка, Перу, Парагвай і Уругвай — падпісалі супольны зварот, у якім далучыліся да закліку папы Францішка, як мага хутчэй знайсці рашэнне для глыбокага крызісу ў Венесуэле.

Адмысловыя паведамленні былі апублікаваны на сайтах Міністэрстваў замежных спраў гэтых краін.

30 красавіка падчас малітвы Regina Caeli Пантыфік звярнуўся да ўладаў і грамадства Венесуэлы. У прыватнасці Пантыфік заклікаў устрымацца ад любых далейшых праяваў насілля, паважаць правы чалавека і шукаць узгодненае вырашэнне глыбокага гуманітарнага, сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага крызісу, які знясільвае насельніцтва краіны.

«Мы згодныя з папам Францішкам, што трэба рабіць усё магчымае для Венесуэлы, але з неабходнымі гарантыямі», — гаворыцца ў закліку лацінаамерыканскіх дзяржаў. Адзначаецца, што ўмовамі для палітычнага дыялогу павінна стаць: спыненне насілля, аднаўленне функцыянавання прававой дзяржавы, вызваленне палітычных вязняў, вяртанне прэрагатываў Нацыянальнай Асамблеі і вызначэнне даты бліжэйшых выбараў.

Сітуацыю ў Венесуэле Святы Айцец закрануў таксама 29 красавіка падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе ў Рым з Каіра, дзе знаходзіўся з двухдзённым візітам. Пантыфік нагадаў, што Апостальская Сталіца ўжо выконвала пасрэдніцкую ролю ў дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй у Венесуэле, але «гэта не дало вынікаў». Папа Францішак заўважыў, што прапановы Святога Пасаду тады не былі прыняты.

«Мы ўсе ведаем, наколькі складанай з’яўляецца сітуацыя ў Венесуэле. Я за хутчэйшае аднаўленне перамоваў на месцы. Для гэтага, аднак, патрэбна прыняцце ясных умоваў, якія частка апазіцыі прымаць не хоча. Цікава, але і апазіцыя там падзеленая. З іншага боку, канфлікт пастаянна ўмацоўваецца. Усё, што трэба зрабіць для Венесуэлы, краіны, якую я вельмі люблю, трэба зрабіць», — сказаў Папа.

Сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і паліцыяй у Венесуэле працягваюцца з пачатку красавіка. Паводле мясцовых СМІ, у супрацьстаянні ўжо загінулі некалькі дзесяткаў чалавек.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 05.09.2017 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.