Сучасны свет, у якім часта пануюць насілле, прагнасць і абыякавасць, існуе вялікая патрэба ў хрысціянскім сведчанні надзеі, падкрэсліў Францішак у звароце да членаў Papal Foundation — амерыканскай каталіцкай арганізацыі, якая займаецца фінансаваннем папскіх дабрачынных праектаў у розных краінах свету.
Папа прыняў дэлегацыю 27 красавіка на аўдыенцыі ў Ватыкане.
«Я ўдзячны за вашу гатоўнасць дапамагаць Касцёлу у яго намаганнях абвяшчаць пасланне надзеі аж да краю зямлі і працаваць дзеля духоўнага і матэрыяльнага прагрэсу нашых братоў і сясцёр у свеце, асабліва ў краінах, якія развіваюцца. Кожны з вас, як жывы член Цела Хрыстовага, пакліканы спрыяць адзінству і міру чалавечай сям’і і ўсіх, хто яе складае ў Хрысце, згодна з воляй Айца», — сказаў Пантыфік.
Папа Францішак заклікаў дабрачынцаў маліцца аб вырашэнні праблем бедных, навяртанні сэрцаў, распаўсюджванні Евангелля і ўзрастанні Касцёла ў святасці і місійным запале.
Papal Foundation (Папскі фонд) заснаваны ў 1988 г. па ініцыятыве духавенства і свецкіх вернікаў ЗША. Фонд атрымлівае даходы ад інвестыцый у кампаніях, дзейнасць якіх не супярэчыць хрысціянскай веры. Донарамі арганізацыі могуць быць фізічныя асобы, фонды і аб’яднанні. Членства ў Papal Foundation пачынаецца з жадання ахвяраваць 1 млн долараў на працягу 10 гадоў з мінімальнай штогадовай ахвярай у 100 тыс долараў.
Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)