Пошук

23.03.2017 09:47  

21 сакавіка Папа Францішак скіраваў адмысловае відэапасланне да маладых людзей, запрашаючы іх прыняць удзел у святкаванні Сусветных дзён моладзі ў Панаме на дыяцэзіяльным узроўні.

Ён будзе адзначацца ва ўсім свеце 9 красавіка, у Пальмовую нядзелю.

Відэаролік стаў «дапаўненнем» да афіцыйнага Паслання, якое было апублікавана 21 сакавіка ў Ватыкане. Папа знаёміць маладых людзей з некаторымі пытаннямі, разгледжанымі ў дакуменце, і запрашае іх стаць на шлях духоўнай падрыхтоўкі да наступнага міжнароднага святкавання Сусветных дзён моладзі ў Панаме ў студзені 2019 г.

У самым пачатку свайго відэапаслання Пантыфік узгадвае Сусветныя дні ў Кракаве, якія прайшлі ў 2016 г. і сталі адпраўным пунктам наступнага форуму ў Панаме. Ён прызнаўся, што і «моладзевая» тэма наступнага Сінода Біскупаў была абрана невыпадкова.



Суправаджае моладзь на гэтым шляху Маці Божая, нагадаў Папа, Яна натхняе кожнага сваёй верай, выяўленай у Magnificat.

Бог кліча кожнага маладога чалавека з той любоўю, якую ён можа прапанаваць, нагадаў Пантыфік. Як і маладая жанчына з Назарэта, кожны можа палепшыць свет і пакінуць у свой след у яго гісторыі.

«Касцёл і грамадства маюць патрэбу ў вас. З вашымі планамі і з вашай мужнасцю, з вашымі марамі і ідэаламі, падуць сцены інертнасці і адкрыюцца шляхі, якія прывядуць нас да лепшага, больш справядлівага, менш жорсткага і больш гуманнага свету», — сказаў папа Францішак у відэа.

Ён заклікаў моладзь развіваць «сямейныя і сяброўскія» адносіны з Марыяй, размаўляць з Ёй, «як з Маці», разам з Ёй дзякаваць за каштоўны дар веры, атрыманы ад продкаў, давераць Ёй усё сваё жыццё. «Як добрая Маці, Яна слухае вас і абдымае вас, любіць вас і ідзе разам з вамі. Я запэўніваю вас, калі вы будзеце рабіць гэта, ніколі не пашкадуеце», — сказаў Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа