«Выказваю маю блізкасць да народа Гватэмалы, які перажывае жалобу з-за цяжкага трагічнага здарэння ў прытулку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны, што прывяло да ахвяраў і раненняў сярод дзяўчат, якія ў ім пражывалі», — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 12 сакавіка.
«Няхай Пан Бог прыме душы тых, якія загінулі, загоіць раны, суцешыць іхнія сем’і і ўвесь народ у гэтым болю», — маліўся Святы Айцец.
«Я таксама малюся, і вас заклікаю маліцца, за ўсіх дзяўчат і юнакоў, што становяцца ахвярамі насілля, здзекаў, эксплуатацыі і войнаў. Гэта язва, гэта скрыты енк, які мы ўсе павінны пачуць і перастаць рабіць выгляд, што нічога не бачым і не чуем», — заклікаў Пантыфік.
Як паведамляе Руская служба ВВС, 8 сакавіка ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры ў 25 кіламетрах ад сталіцы Гватэмалы пачаўся пажар, у выніку якога загінула больш за 20 чалавек, каля 25 атрымалі апёкі і траўмы. Як паведаміў адзін з афіцэраў, пажар распачаўся ў выніку бунту падлеткаў, якія падпалілі матрацы, пратэстуючы такім чынам супраць жорсткіх адносін і неспрыяльных умоваў утрымання.
(МG), (VGr)