19 лютага падчас Імшы ў парафіі Святой Марыі Хосефы папа Францішак, адказваючы на пытанні дзяцей, расказаў пра некаторыя факты са свайго жыцця.
У дзяцінстве Папа хацеў стаць мясніком, а адным з самых цяжкіх выпрабаванняў у жыцці для яго было частковае выдаленне лёгкага ва ўзросце 20 гадоў.
Пасля шматлікіх сэлфі з дзецьмі Святы Айцец адказаў на іх пытанні. Дзецям было цікава, як праходзіла абранне Пантыфіка. Святы Айцец адказаў, што ў Папы абіраюць «неабавязкова самага разумнага, самага знаходлівага або самага хуткага», але «таго, каго захоча Бог у дадзены момант для Касцёла».
Абранне Папы — гэта «працэс, які складаецца з доўгіх малітваў. Там нельга даць грошай і няма ўплывовых сяброў, якія цябе прасунуць». Сам Папа спытаў у дзяцей, хто ж тая ўплывовая асоба, якая абірае Папу. Правільны адказ — «Бог, Святы Дух, які праз галасаванне прызначае Папу».
У 20-гадовым узросце Хорхе Берголіа захварэў і быў пры смерці, яму выдалілі частку лёгкага.
«Жыццё — гэта дар Божы, — сказаў папа Францішак, — але ў жыцці ёсць кепскія моманты, цяжкія моманты, якія трэба перажыць і ісці далей. У мяне такіх момантаў было нямала, як і ва ўсіх людзей».
Адказваючы адной дзяўчынцы на пытанне аб тым, як адчувае сябе Папа ў гэтай ролі, ён сказаў, што адчувае вялікую адказнасць. Папа — гэта «біскуп і бацька, і ён адчувае тое ж, што адчувае бацька». Пасля гутаркі з дзецьмі біскуп Рыма сустрэўся з патрабуючымі сем’ямі, пра якія клапоціцца мясцовы «Карытас».
Звяртаючыся да валанцёраў, Папа папрасіў іх «не толькі раздаваць дапамогу, але і слухаць», а таксама памятаць, што той, хто просіць — гэта сам Езус, нават калі гаворка ідзе пра тых, хто не прыходзіць у Касцёл.