Пошук

14.02.2017 10:10  

Падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане 12 лютага Папа Рымскі Францішак спыніўся на Нагорным казанні з Евангелля паводле святога Мацвея. Як адзначыў Пантыфік, у нядзельным Евангеллі Езус разглядае тры аспекты: забойства, чужаложства і прысягу.

«Абразы ўзнікаюць ад жадання зла бліжняму»

«Хрыстус сцвярджае, што парушэннем запаведзі “не забівай” з’яўляецца не толькі ўчыненае забойства, але і такія паводзіны, якія абражаюць годнасць чалавечай асобы, у тым ліку і абразлівыя словы (пар. Мц 5, 22). Езус не заклікае нас устанавіць ступені цяжкасці абразаў, а жадае, каб мы іх усе лічылі згубнымі, таму што яны ўзнікаюць ад жадання зла бліжняму.

Мы прызвычаіліся абражаць, гэта для нас так жа лёгка, як і прывітацца. Між тым, гэта ў адным рэчышчы з забойствам. Той, хто абражае свайго брата, забівае ў сваім сэрцы брата. Калі ласка, не абражайце! Гэта нам нічога не дае…»

Паводле слоў Святога Айца, чужаложства разглядалася як парушэнне права ўласнасці мужчыны на жанчыну.

«Езус жа ўскрывае корань гэтага зла. Як да забойства нас вядуць пагарда, крыўда і абразы, гэтак жа да чужаложства чалавек даходзіць праз жаданне авалодаць іншай жанчынай, якая не з’яўляецца ягонай жонкай», — адзначыў папа Фраціншак.

Пантыфік заахвоціў вернікаў паразважаць над словамі Езуса ў гэтым кантэксце, які сказаў: той хто глядзіць на жанчыну, якая не з’яўляецца ягонай жонкай, з душою авалодання і з нявернасцю ў сэрцы, ужо распачаў шлях, што вядзе да чужаложства.

Прысяга як маніпуляцыя Божым аўтарытэтам

Закранаючы пытанне прысягі, Пантыфік нагадаў, што Езус кажа сваім вучням не прысягаць, таму што прысяга — гэта знак няпэўнасці і двухсэнсоўнасці ў развіцці чалавечых адносінаў.

«Каб дадаць надзейнасці нашай чалавечай зменлівасці, адбываецца маніпуляцыя Божым аўтарытэтам. Мы, хутчэй, пакліканыя да таго, каб усталяваць паміж намі, у нашых сем’ях і супольнасцях, атмасферу празрыстасці і ўзаемадаверу, каб людзі верылі ў нашую шчырасць і без звароту да ўмяшальніцтва вышэйшых сілаў».

На завяршэнне папа Францішак дадаў: «Няхай Панна Марыя, якая ўмее пакорна слухаць і з радасцю падпарадкоўвацца, дапаможа нам усё бліжэй прытрымлівацца Евангелля, каб быць хрысціянамі не «па выглядзе», а па сутнасці!»

Дк. Мікола Гракаў

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця