Пошук

06.02.2017 12:13  

5 лютага ў Італіі адзначаецца Дзень абароны жыцця, прысвечаны тэме «Жанчыны і мужчыны ў абарону жыцця па слядах святой Тэрэзы з Калькуты». З гэтай нагоды падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра папа Францішак заклікаў «да мужных асветніцкіх дзеянняў дзеля абароны чалавечага жыцця».

«Дарагія браты і сёстры, сёння ў Італіі адзначаецца Дзень абароны жыцця, прысвечаны тэме “Жанчыны і мужчыны ў абарону жыцця па слядах святой Тэрэзы з Калькуты”. Я далучаюся да італьянскіх біскупаў і заахвочваю да мужных асветніцкіх дзеянняў дзеля абароны чалавечага жыцця.

Кожнае жыццё святое! Будзем развіваць культуру жыцця ў адказ на логіку адкідання і дэмаграфічнага спаду; будзем побач і станем разам маліцца за дзяцей, якім пагражае перарыванне цяжарнасці, а таксама за людзей, якія наблізіліся да завяршэння свайго жыцця — кожнае жыццё святое! — каб ніхто не застаўся адзін, а любоў адстаяла сэнс жыцця.

Узгадаем словы Маці Тэрэзы: “Жыццё — гэта прыгажосць, захапляйся ім; жыццё — гэта жыццё, абарані яго!”, або разам з дзіцём, якое павінна нарадзіцца, або з чалавекам, які неўзабаве памрэ: кожнае жыццё святое!» — сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец прывітаў «усіх тых, хто дзейнічае дзеля абароны жыцця, выкладчыкаў рымскіх універсітэтаў і тых, хто супрацоўнічае ў справе адукацыі новых пакаленняў» і пажадаў, каб яны былі «здольнымі пабудаваць гасцінную і годную супольнасць для кожнай асобы».

Дк. Мікола Гракаў
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця