Пошук

03.02.2017 08:12  

У лютым папа Францішак заклікае маліцца за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных. Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 2 лютага праз свой канал у YouTube відэаролік з адмысловым зваротам Святога Айца, у якім ён асабіста агучвае і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц. 

Відэа прадстаўляе людзей, якія, праходзячы па гандлёвай вуліцы еўрапейскага горада, адрываюцца ад спраў, каб аказаць дапамогу бяздомнаму і замерзламу юнаку, што сядзіць на тратуары.

«Мы жывём у гарадах, якія будуюць хмарачосы і гандлёвыя цэнтры, заключаюць буйныя здзелкі з нерухомасцю, але пакідаюць частку людзей на ўзбочыне, на перыферыі. Як наступства гэтай сітуацыі, вялікая колькасць насельніцтва аказваецца адчужанай і маргіналізаванай: без працы, без гарызонтаў, без выйсця. Не пакінем жа іх!» — заклікаў Папа.


«Маліцеся разам са мной за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных, каб знайшлі гасціннасць і суцяшэнне ў нашых супольнасцях», — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю Пантыфік.

З 2017 года на кожны месяц прызначаецца толькі адна папская інтэнцыя — па чарзе або евангелізацыйная, або агульная, у той час як раней на кожны месяц іх было дзве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа