Самай вялікай сілай Касцёла сёння з’яўляюцца невялікія мясцовыя супольнасці, якія церпяць пераслед, лічыць Святы Айцец.
30 студзеня ў сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане, папа Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Паслання да Габрэяў (Гбр 11, 32-40) і падкрэсліў, што «мучанікі — гэта людзі, якія вядуць Касцёл наперад, падтрымліваюць яго».
«СМІ пра гэта не кажуць, таму што гэта для іх не вялікая навіна, але многія хрысціяне ў сучасным свеце благаслаўлёныя, таму што іх пераследуюць, абражаюць, кідаюць у турму. Іх шмат у турмах толькі таму, што яны носяць крыж або вызнаюць Езуса Хрыста!», — заўважыў Папа, назваўшы гэты факт урокам пакоры для вернікаў у краінах, дзе можна свабодна вызнаваць веру.
Святы Айцец выказаў упэўненасць у тым, што Касцёл без мучанікаў з’яўляецца Касцёлам без Хрыста і заклікаў маліцца за супольнасці, пазбаўленыя магчымасці голасу, за хрысціян, якія сёння пакутуюць за Хрыста.
«Яны, сваім мучаніцтвам, сведчаннем, пакутамі, аддаючы нават сваё жыццё, здзяйсняюць сяўбу хрысціян для будучыні і для іншых Касцёлаў. Давайце ахвяруем гэту св. Імшу за нашых мучанікаў, за тых, хто ў цяперашні час пакутуе, за Касцёлы, якія пакутуюць, пазбаўленыя свабоды. І давайце дзякаваць Пану, Які прысутнічае з сілай свайго Духа ў гэтых нашых братах і сёстрах, што сёння складаюць сведчанне аб Ім», — завяршыў сваю гамілію Папа.