Пошук

29.01.2017 20:18  

Арыенцірам на шляху да поўнага адзінства хрысціян з’яўляецца таямніца смерці і ўваскрасення Езуса, а паказчыкамі дарогі да паяднання служаць прыклады мучанікаў і святых усіх рэлігійных традыцый, сказаў папа Францішак 27 студзеня. 

Са зваротам Пантыфік звяртаўся да членаў Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, якія сабраліся ў Рыме для правядзення штогадовай працоўнай сустрэчы.

«Многія з вас належаць да Цэркваў, якія штодня становяцца сведкамі лютавання жорсткасці і жудасных спраў, якія здзяйсняюцца экстрэмістамі», — сказаў Папа і нагадаў, што «сітуацыі такіх трагічных пакут найбольш лёгка ўкараняюцца ва ўмовах беднасці, несправядлівасці і сацыяльнай ізаляцыі».

На фоне шматлікіх праяў нянавісці Цэрквы закліканы разам «сеяць згоду і цярпліва аднаўляць надзею, суцяшаючы супакоем, які дорыць Бог».
«Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены» (1 Кар 12, 26), нагадаў Пантыфік словы св. апостала Паўла, запэўніваючы прадстаўнікоў Усходніх Праваслаўных Цэркваў у сваёй лучнасці з імі ў малітве аб спыненні канфліктаў.

«Моцнай падтрымкай для хрысціянскіх супольнасцяў могуць служыць заступніцтва і прыклады шматлікіх мучанікаў і святых, якія далі мужнае сведчанне Хрысту. Яны выяўляюць сэрца нашай веры, якое заключаецца не столькі ў агульным закліку да міру і паяднання, колькі ў самім Езусе, Які быў распяты на крыжы і ўваскрос: Ён ёсць нашым супакоем і нашым паяднаннем», — сказаў Святы Айцец. Па яго словах, адказам на жорсткасць, якая сее смерць, павінна быць Евангелле, якое, «не паддаючыся логіцы моцы, дае плён жыцця нават на сухой зямлі і дазваляе расці дрэвам надзеі пасля начэй тэрору».

Папа Францішак пажадаў, каб «сёння кроў шматлікіх мучанікаў служыла насеннем еднасці паміж вернікамі, знакам і інструментам будучыні ў адзінстве і супакоі».

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё


Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця