У пасланні на Сусветны дзень сродкаў масавай камунікацыі папа Францішак, звяртаючыся да журналістаў, адзначыў, што яны нясуць адказнасць за тое, «які матэрыял пастаўляць».
«Навіны могуць быць добрымі ці кепскімі, праўдзівымі або ілжывымі», — адзначыў Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, патрэбны адкрыты і творчы стыль камунікацыі, які ніколі не прызнае за злом вядучай ролі, але будзе паказваць магчымыя рашэнні, натхняючы людзей да канструктыўнага і адказнага падыходу.
Пра логіку «добрай навіны»
«Што можа быць адпраўной кропкай для прачытання рэальнасці? — задаўся пытаннем Папа. — Для хрысціян, “акулярамі”, якія дазваляюць расшыфраваць рэчаіснасць, можа быць выключна Добрая Навіна — Евангелле Езуса Хрыста»
«Той, хто ў веры дазваляе весці сябе Святому Духу, атрымлівае здольнасць распазнаваць у кожнай падзеі тое, што адбываецца паміж Богам і чалавецтвам, прызнаючы, што Ён сам, у драматычным пейзажы свету, стварае сюжэт гісторыі збаўлення», — звярнуў увагу Пантыфік.
Ён дадаў, што і сёння Святы Дух сее ў нас жаданне Божага Валадарства праз многія жывыя «каналы», праз людзей, якія дазваляюць Добрай Навіне весці сябе праз драму гісторыі. Гэтыя асобы з’яўляюцца «маякамі ў цемры гэтага свету, якія асвятляюць шлях і адкрываюць новыя дарогі даверу і надзеі».
Калі адзначаецца дзень сродкаў масавай камунікацыі?
Дзень сродкаў масавай камунікацыі — гэта адзіны сусветны дзень, усталяваны Другім Ватыканскім Саборам, і ён святкуецца ў многіх краінах свету ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога, і сёлета прыпадае на 28 мая.
Упершыню яго адзначылі 7 мая 1967 г. На гэты Дзень Пантыфік заўсёды кіруе сваё пасланне, якое публікуецца ў свята св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, 24 студзеня.