Пошук

18.01.2017 16:19  

Святы Айцец, цэлебруючы ранішнюю Эўхырыстыю 17 студзеня ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, заклікаў вернікаў быць мужнымі, укарананёнымі ў надзеі і здольнымі зносіць цёмныя моманты. Паводле слоў Папы, вызнаўцы Хрыста павінны ставіцца да жыцця як атлеты, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў з цвёрдым намерам здабыць перамогу.

Адваротным прыкладам з’яўляюцца «лянівыя» хрысціяне, якія не маюць жадання рухацца наперад, імкнуцца да перамен, рабіць тое, што пойдзе на карысць усім.

«Яны лянівыя, “прыпаркаваныя” хрысціяне, якія знайшлі ў Касцёле цудоўную “паркоўку”. І калі я кажу пра хрысціян, то кажу пра свецкіх, святароў, біскупаў... пра ўсіх.

Існуюць “прыпаркаваныя” хрысціяне. Касцёл для іх — гэта “паркоўка”, на якой яны захоўваюць сваё жыццё і з якой выязджаюць толькі з усімі магчымымі страхоўкамі. Гэтыя нерухомыя хрысціяне нагадаваюць мне пра тое, што нам у дзяцінстве казалі старыя: “Сцеражыся стаячай вады, якая не бяжыць, бо яна псуецца першай”», — сказаў Папа.

Папа Францішак лічыць, што крыніцай хрысціянскай адвагі з’яўляецца надзея — сапраўдны якар, за вяроўку якога трэба трымацца падчас барацьбы і выпрабаванняў.

Лянівыя ж вернікі — «пенсіянеры» — яе не маюць. Цудоўна пайсці на пенсію пасля шматлікіх гадоў працы, але «праводзіць усё жыццё на пенсіі — гэта кепска», сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Святы Айцец заклікаў вернікаў адказаць для сябе на пытанні аб стане ўласнай веры: ці жывуць яны шырокімі гарызонтамі, надзеяй, адвагай, рухам наперад або вядуць «цёплае» жыццё, будучы няздольнымі зносіць цёмныя моманты?

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця