Пошук

10.01.2017 12:16  

Папа Францішак лічыць апостальскія падарожжы складанымі з псіхалагічнага пункту гледжання, але вартымі таго, каб іх здзяйсняць, бо яны даюць магчымасць дакрануцца да «няўяўнага багацця» абліччаў, вобразаў, досведаў, а таксама «ўмацаваць зерні надзеі».

Пра гэта Святы Айцец распавёў у інтэрв’ю, якое было змешчана ў новай кнізе італьянскага ватыканіста Андрэа Тарніэлі «У падарожжы». Выданне, прысвечанае падарожжам Пантыфіка, з’явілася ў кнігарнях Італіі 10 студзеня.

«Я аддаю перавагу тым краінам, якім магу крыху дапамагчы, падбадзёрыць тых, хто, нягледзячы на цяжкасці і канфлікты, працуе на карысць міру і адзінства; краінам, якія знаходзяцца або знаходзіліся ў глыбокіх цяжкасцях», — прызнаўся Пантыфік.

Паводле слоў Папы, яму ніколі не падабалася шмат падарожнічаць. «Калі я быў біскупам іншай дыяцэзіі, Буэнас-Айрэса, прыязджаў у Рым толькі калі было неабходна. Калі мог не прыязджаць, я не прыязджаў. Для мяне заўсёды было цяжка знаходзіцца далёка ад маёй дыяцэзіі, якая для нас, біскупаў, з’яўляецца “нявестай”», — прызнаўся Пантыфік.

Папа Францішак перакананы, што для добрага адпачынку яму не абавязкова трэба «змяняць асяроддзе». Галоўнае — мець больш часу для чытання і малітвы.

Пасля абрання на Святы Пасад папа Францішак пачаў з візіту на італьянскі востраў Лампедуза — першы прыстанак для тысяч бежанцаў, якія спрабуюць патрапіць у Еўропу праз Міжземнае мора. «Я ўбачыў кадры ратавання выжыўшых, атрымаў сведчанні пра шчодрасць і гасціннасць жыхароў Лампедузы. Таму, дзякуючы маім супрацоўнікам, быў арганізаваны гэты спантанны візіт. Было важна паехаць туды», — заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што падчас сваіх пілігрымак ён пакліканы несці людзям Езуса, сведчыць аб Езусе і Яго блізкасці да ўсіх людзей, асабліва самых пакутуючых. Папа прызнаўся, што захоўвае ў сэрцы асобаў, якіх сустракае, і моліцца аб вырашэнні складаных і балючых сітуацый, сведкам якіх ён становіцца.

Папа Францішак распавёў, што не карыстаецца браніраванымі аўтамабілямі або папа-мабілямі з куленепрабівальным шклом, бо лічыць, што біскуп — гэта пастыр, айцец і паміж ім і людзьмі не павінна існаваць шмат бар’ераў. Пастаянна існуе рызыка «непрадказальных дзеянняў з боку якога-небудзь вар’ята, але Пан заўсёды побач», — дадаў Святы Айцец.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.