«Які Касцёл людзі адчуваюць менавіта тады, калі яны найбольш уразлівыя?» — спытаў Святы Айцец Леў XIV падчас адкрыцця серадовай сустрэчы біскупаў, прысвечанай 10-й гадавіне адгартацыі Amoris Laetitia. Папа заклікаў пастыраў мужна слухаць сем'і, у тым ліку тыя, якія перажываюць крызісы, адзіноту і няўдачы, і шукаць новыя шляхі абвяшчэння Евангелля.
Сустрэча з кіраўнікамі Усходніх Каталіцкіх Касцёлаў і старшынямі біскупскіх канферэнцый праходзіць у Ватыкане з 7 па 14 кастрычніка. Яе тэма: «Дзесяць гадоў пасля Amoris Laetitia. Абвяшчаць Евангелле сем'ям сёння». Сярод удзельнікаў форуму прысутнічае таксама Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Сем'і — не толькі атрымальнікі Евангелля
У сваім звароце Папа падкрэсліў, што сем'і — не адзіныя атрымальнікі пастырскай апекі.
Праз любоў і вернасць, выхаванне дзяцей, перадачу веры, клопат пра пажылых і ўразлівых людзей, а таксама служэнне супольнасці, сем'і ўдзельнічаюць у місіі Касцёла.
Адначасова Леў XIV звярнуў увагу на ўсё большы разрыў паміж тым, як людзі ўспрымаюць сэксуальнасць і блізкасць, і хрысціянскім бачаннем шлюбу. Ён таксама адзначыў, што маладыя людзі ўсё яшчэ прагнуць кахання, вернасці і прыналежнасці, але многія з цяжкасцю прымаюць перспектыву трывалага шлюбу. На іх выбар таксама ўплываюць эканамічная нявызначанасць, міграцыя, гвалт і адзінота.
«Мы можам шмат чаму навучыцца ў сем'яў»
Леў XIV падкрэсліў, што досвед сем'яў павінен падштурхнуць Касцёл да аналізу свайго сумлення. «Дзе наша пастырская мова і практыка могуць адкрыць шлях, а дзе яны могуць не дасягнуць сэрцаў людзей?» — спытаў ён.

Ён адзначыў, што чалавечая далікатнасць патрабуе асаблівай увагі.
Касцёл павінен быць блізкім да людзей, нават калі іх жыццё не адпавядае іх ранейшым надзеям. У такіх сітуацыях мы павінны дапамагчы людзям адкрыць для сябе, што ў кожнага ўсё яшчэ ёсць сваё месца, задачы і дары, якія ён можа прапанаваць супольнасці.
Святы Айцец заклікаў біскупаў не толькі інтэрпрэтаваць сацыяльныя змены, але і дазваляць досведу сем'яў ставіць перад імі новыя пытанні. Мэта гэтага ў тым, каб развіваць пастырскае служэнне, якое лепш суправаджае сем'і, абвяшчае паўнату Евангелля і дэманструе «пяшчоту, з якой Хрыстус працягвае ісці пасярод свайго народа».
Папа заклікаў удзельнікаў ватыканскай сустрэчы падзяліцца вопытам мясцовых Касцёлаў, набытым за апошнія дзесяць гадоў, з моманту публікацыі Amoris Laetitia. З гэтага дыялогу павінна вынікнуць распазнаванне новых пастырскіх шляхоў і больш поўнае ўключэнне ўсіх ахрышчаных у сінадальную місію Касцёла.







