Пошук

03.09.2026 18:29   Марыя Валодзіна / Eugenio Murrali / Vatican News / Catholic.by

Фота: www.vaticannews.va/it

Ці можа чалавек закахацца ў штучны інтэлект? Хто аўтар твора, калі яго стварыла машына? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні шукаюць філосафы і даследчыкі, якія сабраліся ў гэтыя дні ў Ватыкане. Яны абмяркоўваюць уплыў новых тэхналогій на чалавечыя адносіны, творчасць, ідэнтычнасць і свядомасць.

З 1 па 3 верасня ў Рыме праходзіць канферэнцыя «Творчасць: розум і машыны» («Creativity: Minds and Machines»), арганізаваная Міжнародным цэнтрам даследаванняў свядомасці (International Center for Consciousness Studies ICCS). Тэма мерапрыемства міждысцыплінарнае вывучэнне свядомасці і пытанняў, якія ўзнікаюць у сувязі з развіццём штучнага інтэлекту. Дыскусіі адбываюцца на стыку філасофіі, нейранавукі, кагнітывістыкі і даследаванняў штучнага інтэлекту. 

Адным з галоўных вобразаў, якімі карысталіся ўдзельнікі, стала метафара, прапанаваная філосафам і прадпрымальнікам, заснавальнікам ICCS Дзмітрыем Волкавым. Даследчык параўнаў штучны інтэлект з хуткасным аўтамабілем: ён дазваляе нам неверагодна паскарацца, але калі мы распрацоўваем добрую машыну, асабліва спартыўную, «мы павінны звярнуць пільную ўвагу на стварэнне вельмі эфектыўных і надзейных тармазоў, каб не дапусціць сутыкнення з сценамі». Гэты вобраз падсумоўвае адначасова і велізарны патэнцыял тэхналогіі, і неабходнасць свядомага падыходу да яе выкарыстання.

ШІ ўсталёўвае з намі стасункі

Адной з цэнтральных тэм сустрэчы сталі «AI companions» віртуальныя кампаньёны на аснове штучнага інтэлекту, прызначаныя не толькі для адказаў на запыты, але і для працяглага ўзаемадзеяння з чалавекам. Яны памятаюць папярэднія размовы з карыстальнікам, адаптуюць свае адказы і могуць з часам будаваць усё больш персаналізаваныя адносіны.

Дзмітрый Волкаў ставіць у сувязі з гэтым пытанне: ці можа існаваць штучны інтэлект, які быў бы варты чалавечай любові? Гаворка не пра тое, ці здольная машына выдаць сябе за чалавека, а пра тое, ці можа чалавек усталяваць з такім суразмоўцам значную эмацыйную сувязь, нават ведаючы, што перад ім машына.

Пытанне набывае асаблівую актуальнасць асабліва на фоне дзвюх праблем чалавечай адзіноты і здольнасці штучнага інтэлекту пагаджацца.

Кажучы пра першую, даследчыкі звяртаюцца да даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, па якіх прыкладна кожны шосты чалавек у свеце адчувае адзіноту.

Эксперты, што сабраліся ў Ватыкане, спрабуюць зразумець: «Ці ёсць сэнс уяўляць сабе адносіны паміж людзьмі і штучнымі кампаньёнамі адносіны сяброўства, дапамогі ці рамантычныя адносіны?» Калі віртуальны кампаньён здольны слухаць, памятаць і суправаджаць чалавека, ці можа ён дапамагчы ў барацьбе з ізаляцыяй? Або ён рызыкуе паступова выцесніць чалавечыя стасункі?

Маючы на ўвазе пасланне энцыклікі Magnifica Humanitas Льва XIV («людзі ў цэнтры: гэта не толькі рэлігійная патрэба, гэта чалавечая патрэба»), даследчыкі пытаюцца: у якой ступені гэтыя адносіны могуць быць карыснымі, а ў якой — павінны нас непакоіць?

Фота: Vatican Media

Як тлумачыць філосаф П’етра Перконці, сузаснавальнік ICCS, галоўны прынцып у свеце лічбавых адносін «клапаціся пра людзей, людзі самае важнае». «Як можна ўлічваць гэтую цэнтральную гуманістычную заклапочанасць у свеце, які тым часам лічбавізуецца?» пытаецца філосаф. І тут жа дае адказ:

«Трэба выхоўваць у адносінах са штучным інтэлектам, і гаворка ідзе па сутнасці аб правядзенні грамадскага этапу адукацыі».

Другой праблемай выкарыстання штучнага інтэлекту з’яўляецца рызыка, звязаная са схільнасцю алгарытмаў пагаджацца з суразмоўцам і фармуляваць адказы такім чынам, каб яны адпавядалі яго чаканням. Як папярэджвае Волкаў, такія паводзіны (навукоўца называе іх «сікафанцкімі» ад англ. «sycophantic») часам прыводзяць да таго, што чалавек атрымлівае ўзнагароду за свой нарцысізм і за ідэі, якія не маюць дастатковых падстаў. Даследчык лічыць, што гэта неабходна мець на ўвазе кожнаму, хто звяртаецца да штучнага інтэлекту.

У выпадку з віртуальнымі кампаньёнамі існуе таксама рызыка стварэння своеасаблівай «алгарытмічнай бурбалкі», у якой перакананні і слабасці чалавека не падвяргаюцца сумневу, а, наадварот, падмацоўваюцца.

Адсюль вынікае парадокс: каб нагадваць жывыя і шчырыя стасункі, штучны інтэлект, магчыма, мусіць навучыцца казаць нам «не»?

У той жа час Волкаў заўважае, што новыя мадэлі штучнага інтэлекту становяцца ўсё больш незалежнымі і аўтаномнымі, і гэтая схільнасць да ліслівасці можа з часам змяншацца.

Калі твор стварае машына, хто яго аўтар?

Яшчэ адной тэмай канферэнцыі стала творчасць. Сучасныя сістэмы ШІ здольныя за лічаныя секунды ствараць тэксты, выявы, музыку і відэа, што ставіць шмат пытанняў пра сутнасць творчасці і аўтарства. Актуальным становіцца пытанне: ці азначае стварэнне чагосьці новага сапраўдную здольнасць да творчасці? Асобная праблема ўзнікае ў выпадках, калі творы ствараюцца ў выніку супрацоўніцтва чалавека і штучнага інтэлекту. Каму ў такім выпадку належыць аўтарства?

Паводле італьянскага інстытута статыстыкі, у сферы кінавытворчасці, вытворчасці відэа і тэлевізійных праграм, а таксама гуказапісу і музычнай дзейнасці штучны інтэлект выкарыстоўваюць ужо 49,5 % прадпрыемстваў.

Раней, каб займацца музыкай ці здымаць кіно, трэба было доўга і шмат вучыцца. Цяпер жа штучны інтэлект дазволіў тысячам людзей ствараць уласныя фільмы ці мультфільмы, карацей кажучы выказвацца.

Фота: Vatican Media

На думку Дзмітрыя Волкава, штучны інтэлект сапраўды дапамагае людзям стаць больш крэатыўнымі: «Я думаю, што ён будзе стымуляваць чалавечую творчасць, але, вядома, ёсць шмат "але", шмат рэчаў, пра якія мы павінны ведаць».

Адным з пабочных прадуктаў таго, што Волкаў называе «усплёскам крэатыўнасці», з’яўляюцца дыпфейкі, маніпуляцыі з фотаздымкамі, відэа і выявамі, якія наносяць шкоду людзям. Гэта яшчэ раз пацвярджае неабходнасць этычнага рэгулявання і грамадскай пільнасці. Як заклікае даследчык, чалавецтву трэба быць свядомым і навучыцца ствараць тыя самыя «тармазы», без якіх аварыі непазбежныя.

Філосаф П’етра Перконці таксама лічыць, што не бессэнсоўна гаварыць пра штучную творчасць, але «трэба ўвесці шэраг засцярог, трэба быць вельмі асцярожнымі».

«Тып крэатыўнасці, які зыходзіць ад машын, не з’яўляецца тым жа тыпам, які мы звычайна лічым творчасцю, — папярэджвае філосаф, – гэта іншы тып, які можна разглядаць як своеасаблівую калектыўную справу, а не як плён генія асобнага мастака».

Чалавек, ШІ і свядомасць

Ці варта пытацца, ці з’яўляецца штучны інтэлект свядомым ці можа ім стаць? Пазіцыя Волкава даволі складаная ён звяртаецца да філасофіі, дзе ёсць паняцце «квалія» (лацінскі тэрмін ад «quale»), якім абазначаецца свядомасць. Пад кваліямі маюцца на ўвазе свядомыя пачуцці, якія чалавек пражывае менавіта ў канкрэтны момант. Напрыклад, калі чалавек бачыць чырвоны колер, то ён упэўнены, што гэта чырвоны, тлумачыць Волкаў. На думку філосафа, чалавецтва знаходзіцца пакуль толькі на ранняй стадыі асэнсавання гэтай з’явы. Але з цягам часу, улічваючы, што чалавек гэта «механістычная сістэма», і праца камп’ютара вельмі падобная на чалавечае мысленне, «у нейкі момант мы зможам убачыць свядомы штучны інтэлект і будзем павінны навучыцца ім кіраваць».

Канферэнцыя «Творчасць: розум і машыны» праводзіцца ў супрацоўніцтве з Універсітэтам Roma Tre, Папскім Грыгарыянскім універсітэтам, муніцыпалітэтам Рыма, кафедрай ЮНЕСКА па этыцы штучнага інтэлекту і практычнай мудрасці, Таварыствам этыкі і палітыкі штучнага інтэлекту (SEPAI) і праектам EVA AI. Завяршаецца яна 3 верасня ў Зале пратаматэкі на рымскім Капітоліі, дзе брытанскі псіхолаг і адзін з найбольш аўтарытэтных даследчыкаў свядомасці Нікалас Хамфры выступіў з лекцыяй «Свядомасць і душа: рэальнасць ілюзіі».

Абноўлена 03.09.2026 20:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа