Пошук

22.08.2026 13:42   Марыя Валодзіна / Benedetta Capelli / Vatican News / Catholic.by

Фота: Vatican Media

Леў XIV заклікаў заканадаўцаў мудра накіроўваць развіццё штучнага інтэлекту на служэнне чалавечай годнасці і агульнаму дабру, перасцерагаючы ад ператварэння яго ў інструмент эксплуатацыі і новага каланіялізму.

21 жніўня Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў XVII Штогадовай сустрэчы Міжнароднай сеткі каталіцкіх заканадаўцаў, сярод якіх былі кардыналы Крыстаф Шонбарн і Чарльз Маунг Бо. Тэма сустрэчы: «Чалавечая годнасць і штучны інтэлект: выклікі, магчымасці і кантроль».

Пантыфік адзначыў, што надзвычайны прагрэс штучнага інтэлекту ставіць чалавечую сям’ю перад вырашальным выбарам: узвесці новую Бабілёнскую вежу, дзе моц, эфектыўнасць і кантроль засланяюць аблічча чалавечай асобы, альбо пабудаваць цывілізацыю, у якой тэхналогіі служаць усебаковаму развіццю кожнага чалавека.

На думку Папы, пакліканне заканадаўцаў ставіць іх у цэнтр гэтага выкліку.

Разумнае заканадаўства павінна не перашкаджаць інавацыям, а мудра іх накіроўваць, заахвочваць навуковую і тэхналагічную творчасць, адначасова абараняючы фундаментальныя правы і свабоды чалавека.

Заканадаўства мае абавязак ахоўваць карыстальнікаў ад эксплуатацыі, забяспечваць недатыкальнасць прыватнага жыцця, гарантаваць празрыстасць у выкарыстанні найноўшых тэхналогій і клапаціцца пра тое, каб яны ўмацоўвалі дэмакратычныя інстытуты. Спасылаючыся на сваю энцыкліку Magnifica humanitas, Святы Айцец нагадаў, што дзеля выканання гэтага абавязку неабходны трывалыя прававыя рамкі, незалежны нагляд, інфармаваныя карыстальнікі і палітычная сістэма, якая не здымае з сябе адказнасці.

Леў XIV перасцярог ад рызыкі ператварэння штучнага інтэлекту ў яшчэ адзін сродак ідэалагічнага ці эканамічнага каланіялізму і панавання, калі бедныя краіны становяцца ўсё больш залежнымі ад багатых, а алгарытмы вырашаюць, хто бачны, а хто нябачны.

Фота: Vatican Media

Супраць гэтага культу ўлады Касцёл прапануе «цывілізацыю любові», якая б мудра кіравала штучным інтэлектам шляхам выхавання сэрцаў, здольных да міласэрнасці, спагады і адказнасці. У такім грамадстве першай школай чалавечнасці з’яўляецца сям’я.

«Менавіта ў сям'і мы ўпершыню вучымся даверу перад разлікам, шчодрасці перад канкурэнцыяй, дыялогу перад падзелам і любові перад уладай»,

кажа Папа.

Папа заклікаў заканадаўцаў спрыяць палітыцы, якая ўмацоўвае сужэнства і сем’і, падтрымлівае бацькоў у іх выхаваўчай місіі і дазваляе моладзі з упэўненасцю глядзець у будучыню.

Свету патрэбны не штучны інтэлект, які аслабляе чалавечнасць, а чалавечы інтэлект, асветлены мудрасцю, палітычная ўлада, заснаваная на сумленні, і тэхналагічныя інавацыі, натхнёныя міласэрнасцю.

«Толькі тады штучны інтэлект стане не супернікам чалавецтва, а слугой агульнага дабра», сцвердзіў Папа.

 

Абноўлена 22.08.2026 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа