Пошук

01.09.2026 20:00   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY

Фота: www.vaticannews.va

У вераснёўскай малітоўнай інтэнцыі Льва XIV, якую Пантыфік традыцыйна прысвяціў экуменічнаму «Часу стварэння», Святы Айцец заклікае вернікаў да ўсведамлення каштоўнасці вады і ставіцца да яе з удзячнасцю, справядлівасцю і адказнасцю.

1 верасня, у пачатку ініцыятывы «Час стварэння», Папа прысвяціў сваю малітоўную інтэнцыю клопату пра ваду. У малітве ён дзякуе «Пану жыцця» за ваду як дар, сімвал Божай ласкі і любові, якая абнаўляе чалавека праз хрост.

Леў XIV просіць прабачэння за тое, што ваду ператварылі «ў тавар», забыўшыся, што гэта «паўсюдны дар, права без меж». Ён таксама ўзгадвае людзей, якія не маюць чыстай вады, вымушаныя ісці за ёй на вялікія адлегласці або хварэюць праз яе недахоп.

Паводле справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Дзіцячага фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за жнівень 2025 года, 2,1 мільярда чалавек па-ранейшаму не маюць доступу да бяспечнай пітной вады. Яшчэ 106 мільёнаў чалавек непасрэдна карыстаюцца неачышчанай вадой з рэк, азёр і іншых паверхневых крыніц. Доступ да бяспечнай пітной вады ў свеце павялічыўся з 68 да 74 працэнтаў у перыяд з 2015 да 2024 года, аднак краінам з нізкім узроўнем даходаў неабходна паскорыць прагрэс у 7 разоў, каб дасягнуць усеагульнага доступу да 2030 года.

Міжнародны дырэктар Папскай сусветнай малітоўнай сеткі айцец Крыстабаль Фонэс адзначае, што

«вада – адзін з вялікіх неабходных элементаў жыцця».

Паводле яго, доступ да вады звязаны з годнасцю чалавека і справядлівасцю паміж народамі.

Малітоўная інтэнцыя заклікае глядзець вачыма Бога на людзей, якія сёння вымушаныя ісці кіламетры па чыстую ваду, і ператвараць такі падыход у канкрэтныя ўчынкі ўмеранасці, клопату і салідарнасці.

1 верасня таксама распачынаецца Сусветны дзень малітвы аб захаванні стварэння і экуменічны «Час стварэння», які завершыцца 4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага.

У адмысловым паведамленні Сусветная малітоўная сетка нагадвае, што Касцёл падтрымлівае клопат пра доступ да пітной вады і санітарных паслуг, а таксама заклікае да праектаў, адукацыйных ініцыятыў і асабістых учынкаў дзеля захавання водных рэсурсаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця