Пошук


Фота: Vatican Media

Літургія павінна весці да веры, еднасці і сведчання міласэрнасці, а ўдзел вернікаў у ёй павінен быць свядомым, пабожным і актыўным. Аб гэтым Папа Леў XIV нагадаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане і ў сваім пасланні ўдзельнікам Нацыянальнага літургічнага тыдня ў Катаніі.

26 жніўня падчас агульнай аўдыенцыі ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане Леў XIV завяршыў цыкл катэхез, прысвечаных літургіі. Раней, 24 жніўня, Святы Айцец скіраваў сваё пасланне аб значэнні набажэнстваў удзельнікам Нацыянальнага літургічнага тыдня, прысвечанага тэме «Касцёл, які нараджае. Літургія і хрысціянскае ўвядзенне», што зараз праходзіць у Катаніі (Італія). Галоўная ідэя навучання Пантыфіка: увядзенне ў хрысціянскае жыццё нельга разумець толькі як падрыхтоўку да сакрамэнтаў.

«Гэта хутчэй "улонне", у якім супольнасць нараджае вернікаў, дапамагае ім увайсці ў пасхальную таямніцу, адчуць братэрства і жывую сувязь з Хрыстом»,

— падкрэсліў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на глыбокую сувязь катэхезы і цэлебрацыі літургіі, якая з самага пачатку адзначала плённасць Касцёла як Абранніцы Хрыста. Ён заклікаў вяртацца да гэтай крыніцы і ў хрысціянскай фармацыі адкрываць каштоўнасць літургіі, у якой таямніца Хрыста «ахоплівае нас, перамяняе і робіць новымі стварэннямі».

Саборная рэформа: ад «нямых гледачоў» да актыўнага ўдзелу

Папа нагадвае пра Канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабору Sacrosanctum Concilium, якая сцвярджае, што «літургічныя абрады не з'яўляюцца проста знешняй абалонкай сакрамэнтальнай таямніцы, але з'яўляюцца касцёльнай медыйнай рэальнасцю, праз якую да нас даходзіць Божы дар».

48-ы артыкул Канстытуцыі Sacrosanctum Concilium паказвае неабходнасць таго, каб вернікі прысутнічалі на літургіі не як чужыя або нямыя гледачы, але добра яе разумелі і ўдзельнічалі ў набажэнстве свядома, пабожна і актыўна. Асаблівую важнасць пры гэтым набываюць жэсты і сімвалы літургіі, якія дапамагаюць вернікам перажыць сапраўдныя адносіны з Богам і ўвайсці ў кантакт з падзеяй Збаўлення.

Фота: Vatican Media

Кажучы пра свядомасць вернікаў падчас набажэнстваў, Пантыфік звярнуў увагу на прычыну, якая падштурхнула айцоў Сабору да рэформы літургіі — гэта была мэта дапамагчы вернікам глыбей разумець літургію і ўдзельнічаць у ёй свядома, пабожна і актыўна.

Святы Айцец успомніў словы тагачаснага арцыбіскупа Мілана Джавані Батысты Манціні, будучага папы Паўла VI, які 28 кастрычніка 1962 года ў сваім трэцім «Лісце з Сабору» звярнуўся да вернікаў сваёй архідыяцэзіі:

«Літургія з'яўляецца «шчырым выразам як Боскага, так і чалавечага», мовай і сродкам перадачы Божага навучання, а таксама голасам размовы чалавека з Богам».

Пры гэтым, як сцвярджаецца ў дакуменце, вернікі «больш не могуць і не павінны заставацца нямымі і пасіўнымі, бо іх фізічная прысутнасць не можа спалучацца з духоўнай адсутнасцю».

Захоўваючы глыбокую пашану да Традыцыі, Другі Ватыканскі Сабор палічыў неабходным перагледзець літургічныя кнігі, каб зрабіць гэтую спадчыну больш даступнай для вернікаў. Папа працытаваў 21-ы артыкул Канстытуцыі Sacrosanctum Concilium, дзе гаворыцца пра жаданне Касцёла правесці дбайную агульную рэформу літургіі, каб хрысціянскі народ мог больш поўна атрымліваць багацце ласкаў, якія яна змяшчае.

Паводле айцоў Сабору, літургія мае нязменную частку, устаноўленую Богам, і чалавечыя элементы, якія могуць змяняцца з цягам часу.

Леў XIV адзначыў, што імкненне да рэформы літургіі не ўзнікла раптоўна. Яно праяўлялася ў дзейнасці Касцёла пачатку ХХ стагоддзя і было звязана з Літургічным рухам. Пій XI падкрэсліваў неабходнасць таго, каб вернікі не прысутнічалі на набажэнствах як «чужыя або нямыя гледачы». Пій XII, у сваю чаргу, правёў рэформу літургіі Вялікага тыдня, а Ян XXIII таксама палічыў неабходным спрасціць рубрыкі Брэвіярыя і Імшала.

Такім чынам, літургічная рэформа Другога Ватыканскага Сабору працягвае жывую Традыцыю Касцёла. Правільнае яе разуменне дазваляе пазбегнуць злоўжыванняў, якія ўзнікалі ў некаторых сферах касцёльнага жыцця пасля Сабору і якія часам адбываюцца і сёння. «Такія злоўжыванні могуць узнікаць, калі асобныя прынцыпы рэформы абсалютызуюцца або разумеюцца няправільна», — заўважыў Папа.

Літургія як крыніца еднасці Касцёла і братэрскай міласэрнасці

Пантыфік нагадаў, што літургічныя дзеянні з'яўляюцца не прыватнымі, а касцёльнымі цэлебрацыямі і належаць усяму Целу Касцёла. Ён падкрэсліў асаблівую адказнасць пастыраў, біскупаў і святароў за захаванне і развіццё літургіі. Яна павінна здзяйсняцца ў адпаведнасці з літургічнымі нормамі, адрознівацца «высакароднай прастатой» і такім чынам адлюстроўваць адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл.

«Такая літургія можа стаць таксама важным сродкам евангелізацыі і інструментам ласкі, які навучыць нас ахвяраваць сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста ўдасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой»,

— заключыў Папа.

Акрамя гэтага Леў XIV нагадвае і пра яшчэ адзін важны аспект: літургія не можа існаваць без братэрскай міласэрнасці. Без яе сведчання губляецца сэнс і набажэнства, і абвяшчэння. Літургія — гэта дзеянне ўсяго Касцёла, які ў ёй выяўляецца як адзінае Цела. Таму, як падкрэслівае Святы Айцец, яна выхоўвае да еднасці, але патрабуе і належнага стаўлення да самога літургічнага дзеяння.

Фота: Vatican Media

Паводле пераканання Льва XIV, паміж літургіяй і братэрскай міласэрнасцю існуе непарыўная сувязь. Святы Айцец узгадвае словы свайго папярэдніка — папы Францішка:

«Літургічная цэлебрацыя павінна весці да евангелізацыі, а абвяшчэнне Евангелля да сустрэчы з Уваскрослым у літургіі».

Леў XIV выказаў упэўненасць: ёсць тры неабходныя ўмовы, каб літургія сапраўды была прасторай, дзе нараджаецца хрысціянскае жыццё — гасціннасць, містыка і сведчанне жыццём. Толькі ў такім выпадку «вера, якая нараджаецца ад алтара, зможа выйсці на шляхі чалавецтва, прыносячы плён дабра, згоды і міру».

Абноўлена 26.08.2026 20:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця