
У пасланні з нагоды XI Сусветнага дня малітвы аб захаванні стварэння, які будзе адзначацца 1 верасня, Святы Айцец заклікае перанакіраваць намаганні з вайны на будаванне справядлівага свету, падкрэсліваючы, што сапраўдная перамена пачынаецца з унутранага абнаўлення чалавека.
У сваім звароце да XI Сусветнага дня малітвы аб захаванні стварэння Пантыфік закрануў тэмы вайны і экалагічных крызісаў, якія маюць адзіны выток — унутраную расколатасць чалавечага духу.
Папа Леў XIV нагадаў: Хрыстус прыйшоў, каб мы мелі жыццё і мелі яго ў дастатку (пар. Ян 10,10). Таму жыццё — гэта самы цэнтр хрысціянскага сведчання, а клопат пра зямлю, якая корміць нас, становіцца адным з відавочных спосабаў ўшанавання Творцы.
Святы Айцец звярнуў увагу на сувязь паміж шматлікімі крызісамі, чалавечымі пакутамі і пагаршэннем стану навакольнага асяроддзя. Ён назваў гэтыя з'явы «адзіным заклікам да аздараўлення і міру», які зыходзіць ад параненага свету. Узгадваючы Езуса, Які прапануе чалавецтву мір («Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам» (Ян 14, 27)), пантыфік заўважыў, што гэтае абяцанне міру рэзка кантрастуе з рэальнасцю сучаснага свету. «Замест таго каб перакаваць «мячы свае на аралы» (пар. Іс 2,4), народы працягваюць войны і гвалт», — напісаў Леў XIV.
Вайна пачынаецца ў сэрцы
Леў XIV назваў вайну не толькі палітычнай, але маральнай і духоўнай паразай, якая сведчыць пра глыбокую няздольнасць жыць паводле вобразу і падабенства Божага, шанаваць жыццё і клапаціцца пра давераную нам зямлю:
У гэтым сэнсе вайна з'яўляецца «контрсведчаннем» Евангелля міру, — дадаў Святы Айцец.
Наступствы вайны не абмяжоўваюцца полем бою. Вайна забірае жыцці, разбурае сем’і і прымушае мільёны людзей пакідаць свае дамы, паглыбляючы страх, несправядлівасць і падзелы. Узброеныя канфлікты пакідаюць пасля сябе экалагічныя разбурэнні і сацыяльныя праблемы, якія могуць захоўвацца на працягу некалькіх пакаленняў. «Вайна знішчае экасістэмы, забруджвае паветра і ваду, пагаршае харчовую бяспеку, а гэта ўзмацняе беднасць і няроўнасць, выклікае новую сацыяльную напружанасць і спрыяе узнікненню далейшых канфліктаў», — падкрэсліў Папа.

Звяртаючыся да слоў папы Бэнэдыкта XVI, які казаў: «Знешнія пустыні ў свеце разрастаюцца, таму што ўнутраныя пустыні сталі такімі бязмежнымі», Папа заўважыў: карані войнаў і эксплуатацыі стварэння трэба шукаць у чалавечым сэрцы. Менавіта там сустракаюцца розум, жаданні, воля і сумленне, ідзе барацьба паміж любоўю і абыякавасцю, праўдай і ілюзіяй, справядлівасцю і несправядлівасцю. Канфлікты, якія мучаць чалавецтва, шмат у чым з’яўляюцца знешнім праяўленнем унутранага разладу, бо калі сэрца чалавека заганнае, пакутуюць і адносіны, а грамадскія структуры пачынаюць адлюстроўваць гэтае ўнутранае бязладдзе.
Без навяртання сэрца мір будзе крохкім
На думку Святога Айца, для стварэння мірнага грамадства недастаткова рэфармаваць структуры, трэба абнавіць сэрцы. Сярод глыбокіх прычын канфліктаў і эксплуатацыі стварэння ён назваў страту пачуцця межаў, жаданне дамінаваць, пагоню за імгненнай выгадай і няздольнасць прызнаць дадзеную Богам годнасць кожнага чалавека. Заклік прарока Ісаі «перакаваць мячы свае на аралы» патрабуе не толькі знешніх калектыўных перамен, але і асабістага навяртання кожнага чалавека.
«Без гэтага ўнутранага пераўтварэння мір будзе крохкім і нетрывалым», — папярэдзіў Леў XIV.
Наадварот, там, дзе сэрцы абнаўляюцца, адкрываюцца новыя магчымасці: тое, што выкарыстоўвалася для разбурэння, можа быць скіравана на служэнне жыццю, дапамогу бедным і захаванне стварэння.
Ад пустыні да саду, ад гвалту да міру
Папа заахвоціў уявіць свет, у якім рэсурсы і намаганні, якія сёння скіроўваюцца на вайну, выкарыстоўваюцца для ўсебаковага развіцця чалавека, пераадолення беднасці, абароны чалавечай годнасці і прымірэння падзеленых народаў. Такое бачанне адлюстроўвае веру ў надыход Валадарства Божага.
Сапраўднымі прыладамі міру Пантыфік назваў праўду, дыялог, талерантнасць, дабрыню, справядлівасць, міласэрнасць, разуменне, клопат і любоў.
Гэтыя якасці нараджаюцца з сэрцаў, выхаваных паводле Евангелля і ўмацаваных Божай ласкай, і толькі яны здольныя перамяняць людзей, аднаўляць супольнасці і аздараўляць раны свету.

Леў XIV заклікаў вернікаў абнавіць свае сэрцы, каб стаць супрацоўнікамі Божай справы і паступова перайсці «ад пустыні да саду, ад падзелу да еднасці, ад насілля да міру». «Няхай Пан дасць нам мужнасць ісці гэтым шляхам, каб мячы маглі быць перакаваны на аралы, а абяцанне Евангелля пусціла ўсё больш глыбокія карані ў нашым свеце і каб супакой Хрыста панаваў над усім стварэннем», — пажадаў Леў XIV.






