
Леў XIV скіраваў ліст да Генеральнага настаяцеля Брацтва святога Пія X ксяндза Давідэ Пальярані, у якім заклікаў адмовіцца ад схізматычнага акту і вярнуцца да дыялогу.
У Ватыкане 30 чэрвеня быў апублікаваны зварот Пантыфіка да Брацтва святога Пія X. Дакумент, падпісаны Львом XIV 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, скіраваны не толькі да кіраўніцтва, але і да іерархаў, святароў, семінарыстаў і вернікаў, звязаных з гэтай супольнасцю.
Папа адзначыў, што Касцёл прызнае глыбокую прывязанасць Брацтва да літургічнага жыцця, адданасць справе святарскай фармацыі, апостальскую руплівасць і жаданне вернасці Традыцыі.
Гэтыя станоўчыя рысы, як тлумачыцца ў пасланні, заўсёды пабуджалі ранейшых Пантыфікаў праяўляць да супольнасці асаблівую зычлівасць і ўвагу.
Крок да супольнага будучага патрабуе шчырага дыялогу і павагі да касцёльнага права
Цяперашняму лісту Святога Айца папярэднічалі працяглыя спробы ўрэгуляваць сітуацыю. Яшчэ 5 лютага Апостальская Сталіца прапанавала Брацтву новы этап тэалагічнага дыялогу і ініцыявала асабістыя размовы прэфекта Дыкастэрыі веравучэння з кіраўніцтвам супольнасці, каб разам знайсці выхад з крызісу.
Аднак намер традыцыяналістаў пасвяціць новых біскупаў без згоды Папы вымусіў Апостальскую Сталіцу дзейнічаць больш рашуча. Ужо 12 лютага прэфект Дыкастэрыі, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, выступіў з афіцыйнай заявай, падкрэсліўшы нязменнасць дысцыплінарнай пазіцыі Апостальскай Сталіцы. Спасылаючыся на дакумент Ecclesia Dei святога Яна Паўла II, кардынал папярэдзіў, што такі крок стане актам расколу і прывядзе да аўтаматычнай экскамунікі ўсіх удзельнікаў.
У сваім цяперашнім звароце Леў XIV заклікае кіраўніцтва супольнасці перагледзець свае планы і падумаць пра духоўнае дабро людзей. Наступнік Пятра папярэджвае, што схізматычны акт пазбавіць вернікаў магчымасці дазволенага, а ў некаторых выпадках нават сапраўднага прыняцця сакрамэнтаў, якія яны любяць і шукаюць для свайго асвячэння.
«Прашу вас і малю ад усяго сэрца: вярніцеся!»
— звяртаецца Пантыфік да ксяндза Пальярані. Пры гэтым Святы Айцец падкрэслівае, што Касцёл па-ранейшаму застаецца адкрытым для шляху супольнага дыялогу і паразумення, які Дух Святы здольны зрабіць плённым.
Разрыў касцёльнага адзінства — грэх, які пакідае месца толькі для малітвы і надзеі
Спробу разарваць суцэльнавытканую туніку Хрыста Папа вызначае як правіну надзвычайнай цяжкасці. Са смуткам у сэрцы, але з невычэрпнай надзеяй Наступнік Пятра лічыць сваім абавязкам заклікаць супольнасць адмовіцца ад небяспечнага праекта.
«Няхай Пан асветліць ваша сумленне і абудзіць вашыя сэрцы»,
— звяртаецца ён.
Свае малітвы аб захаванні адзінства Касцёла Святы Айцец даручае Беззаганнаму Сэрцу Марыі, Маці Добрай Рады.






