
18 снежня было апублікавана пасланне Папы Льва ХІV на 59-ы Сусветны дзень міру. У ім Папа, першымі словамі якога пасля абрання Біскупам Рыма, было прывітанне Уваскрослага «Спакой вам», разважае пра мір як адсутнасць вайны, апелюючы да больш шырокай евангельскай катэгорыі спакою.
Спакой — гэта дар Уваскрослага
Спакой, які паходзіць ад Езуса, з’яўляецца непрамінальным, ён «здзяйсняе канчатковую перамену ў тых, хто яго прымае, а тым самым ва ўсёй рэчаіснасці». Евангельскі спакой пераўзыходзіць паняцце адсутнасці вайны, бо гэта стан свядомасці.
«Спакой існуе, хоча ў нас прабываць, мае лагодную моц асвячэння і пашырэння кругагляду, супраціўляецца гвалту і перамагае яго. Спакой мае подых вечнасці: у час, калі ў бок зла крычаць «хопіць», спакою шэпчуць «назаўсёды». У гэтую перспектыву ўвёў нас Уваскрослы»,
— заўважыў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што святы Аўгустын раіў тым, хто дбае пра спакой у свеце, мець яго перадусім у сабе.
Сапраўдны спакой — няўзброены
Наступнік святога Пятра прыводзіць словы Хрыста да вучня, які хацеў Яго бараніць: «Схавай меч у ножны» (Ян 18, 11; пар. Мц 26,52). Мірны адказ Езуса бянтэжыў і тады, і зараз.
«Калі мір не з’яўляецца зведанай рэчаіснасцю, якую трэба абараняць і культываваць, то ў сямейным і публічным жыцці распаўсюджваецца агрэсія. У адносінах паміж грамадзянамі і кіраўнікамі здараецца сітуацыя, у якой віной прызнаецца факт, што не ідзе падрыхтоўка да вайны, да рэагавання на атакі, да адказу на гвалт. Істотна парушаючы прынцып правамернай абароны, у палітычнай плоскасці такая логіка з’яўляецца найбольш актуальным фактарам у глабальнай дэстабілізацыі, якая з кожным днём набывае ўсё большы драматызм і непрадказальнасць»,
— адзначыў Папа.
Святы Айцец выказвае занепакоенасць, з аднаго боку, тэндэнцыяй росту песімістычных наратываў, пазбаўленых надзеі на трывалы мір, а з другога боку, павелічэннем выдаткаў на ўзбраенні, зменай адукацыйнай палітыкі ў бок трансляцыі выключна ўзброенай канцэпцыі абароны і бяспекі.
Што рабіць прыхільніку міру ў такой няпэўнасці? Папа Леў XIV, спасылаючыся на святога Аўгустына, кажа, што «сапраўдны прыхільнік міру любіць ворагаў міру» і раіць, як і айцы Другога Ватыканскага Сабору, дыялог як найбольш эфектыўны сродак вырашэння канфліктаў.
Раззбраенне — галоўная мэта
Папа перасцерагае чалавецтва ад узмацнення спакусы пераўтварэння ў зброю нават думак і слоў.
«На жаль, усё часцей у сучасным свеце словы веры выкарыстоўваюцца для палітычнай барацьбы, благаслаўлення нацыяналізму, апраўдання гвалту і ўзброенай барацьбы»,
— з горыччу канстатуе Святы Айцец.
«Веруючыя людзі павінны актыўна, перадусім сваім жыццём, абвяргаць гэтыя формы блюзнерства, якія кідаюць цень на Святое Імя Бога. Таму таксама, акрамя дзеянняў, больш чым калі-небудзь неабходна культываванне малітвы, духоўнасці, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу як спосабаў дасягнення міру і моў для сустрэч паміж традыцыямі і культурамі», — заклікае Папа.
У палітычным і грамадскім плане Наступнік святога Пятра бачыць раззбройваючы патэнцыял у шляху дыпламатыі, медыяцыі, міжнароднага права і ў развіцці свядомых грамадзянскіх супольнасцяў.
«Няхай гэта будзе плёнам Юбілею Надзеі, які натхніў мільёны людзей нанова адкрыць сябе як пілігрымаў і распачаць у сабе гэтае раззбраенне сэрца, розуму і жыцця»,
— пажадаў у канцы паслання Святы Айцец.







