Пошук

11.12.2025 13:58   Паводле: Vatican News PL / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Папа Пій ХІ. Фота: Vatican Media

11 снежня спаўняецца стагоддзе з моманту выдання энцыклікі Quas primas, у якой Папа Пій XI устанавіў урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Праз год яна будзе адзначацца ў соты раз.

«Штогадовае святкаванне гэтага свята нагадае народам, што не толькі прыватныя асобы, але і кіраўнікі і князі абавязаны аказваць грамадскую пашану і паслухмянасць Хрысту. Гэта нагадае ім пра Страшны суд, на якім Хрыстус, выгнаны з грамадскага жыцця, пагарджаны, грэбаваны і ігнараваны, самым суровым чынам адпомсціць за гэтыя абразы; бо яго каралеўская годнасць патрабуе, каб дзяржава ўлічвала Божыя запаведзі і хрысціянскія прынцыпы як пры прыняцці законаў, так і пры здзяйсненні правасуддзя, а таксама пры забеспячэнні добрага маральнага выхавання моладзі», — перасцерагае Папа ў энцыкліцы (Quas Primas, 32).

«У наш неспакойны час, калі за нашымі межамі ідзе вайна, а грамадства разгубленае, гэтая энцыкліка і яе пасланне актуальныя», — лічыць прафесар Марэк Хмялеўскі, загадчык кафедры сістэматычнай і практычнай духоўнасці факультэта тэалогіі ў Інстытуце тэалагічных навук Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне.

Энцыкліка Quas primas была выдадзеная 11 снежня 1925 года.

Пій XI падкрэслівае ў гэтым вялікім дакуменце, што перад абліччам заняпаду манархій у міжваенныя гады таго часу напамін пра валадаранне Хрыста — гэта тое, што аднаўляе мір і грамадскі парадак.

«Тут гаворыцца, што калі б дзяржавы і народы прынялі Хрыста як свайго Пана і Валадара, то гэта было б з вялікім благаслаўленнем для іх, і быў бы жаданы грамадскі парадак. У кантэксце таго, што мы перажываем у нашы дні, калі мы назіраем хваляванні і пагрозу вайны і хаосу,< …>, напамін пра гэты змест і гэтую малавядомую энцыкліку падаецца чымсьці вельмі важным», — кажа прафесар Марэк Хмялеўскі.

Да свайго абрання Найвышэйшым Пантыфікам Папа Рымскі Пій XI быў Апостальскім нунцыем у Польшчы з 1919 па 1921 год. Ён стаў адзіным дыпламатам, які  не пакінуў свайго месца служэння нават падчас баявых дзеянняў з пачаткам савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. Для беларускіх католікаў гэты Папа значны тым, што менавіта ён сваёй булай Vixdum Poloniae unitas ад 28 кастрычніка 1925 года стварыў Пінскую дыяцэзію.

Абноўлена 11.12.2025 16:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця