
Гісторыя даверу Касцёла да тэхналогій
За амаль стагоддзе існавання Ватыканскае радыё прайшло скрозь войны і мірныя дамовы, разбурэнні і адбудову, стала сведкам Другога Ватыканскага Сабору і шматлікіх Юбілеяў.
Як падкрэслівае ў сваім рэдакцыйным артыкуле Масіміліяна Менікеці, радыёстанцыя заўсёды чытала падзеі праз прызму сацыяльнага вучэння Касцёла, імкнучыся аб’ядноўваць і служыць праўдзе.
Сёння, у эпоху штучнага інтэлекту, радыё Святога Айца нагадвае: тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а алгарытмы, якімі б дасканалымі яны ні былі, не здольныя замяніць сэрца, творчасць і маральны выбар.
Вера нараджаецца са слухання: Божая далікатнасць
У сваю чаргу Андрэа Монда прапануе глыбокі тэалагічны погляд на прыроду радыёвяшчання, называючы яго найбольш «боскім» сярод усіх медыя.
Бог Бібліі — гэта Бог, які прамаўляе і якога трэба слухаць. Ён абірае слых, магчыма, самае «слабае» пачуццё, каб пакінуць чалавеку прастору для свабоды.
Калі тэлебачанне захоплівае ўсю ўвагу, то радыё далікатна ўваходзіць у жыццё, дазваляючы нам займацца сваімі справамі, пакуль нейкая важная думка або навіна не прымусіць нас спыніцца і прыслухацца.
Сёння Ватыканскае радыё — гэта сапраўдная майстэрня мультыкультуралізму, дзе працуюць прадстаўнікі 69 нацыянальнасцей, ствараючы кантэнт на дзясятках моў для лічбавай сістэмы Vatican News. Гэта жывы арганізм, які спалучае традыцыі Марконі з сучаснымі лічбавымі платформамі, застаючыся верным сваёй галоўнай мэце — несці святло надзеі і голас Папы на «перыферыі» свету.
Ватыканскае радыё па-беларуску
Нагадваем, што з 1 чэрвеня 2021 года дзейнічае беларуская версія Ватыканскага інтэрнэт-радыё. Анлайн-трансляцыя даступная як на сайце Vatican News, так і ў прыкладанні Radio Vaticana для смартфонаў на IOS і Android.
Апрача навін і рубрык Беларускай рэдакцыі, у праграме штодзённа ёсць Імша, Літургія гадзін (Ютрань, Нешпары, Камплета) і Ружанец на лацінскай мове, шмат класічнай музыкі.
На навіны з Ватыкана можна таксама падпісацца ў Telegram.






