16 кастрычніка Папа Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Старшыню Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя Vatican News, сустрэча беларускага іерарха з Пантыфікам працягвалася каля паўгадзіны ў сяброўскай і сонечнай атмасферы.
Арцыбіскуп Станеўскі ахарактарызаваў Льва XIV як чалавека глыбокай веры, разважлівага, спакойнага, які ўмее ўважліва слухаць.
Разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім на аўдыенцыі прысутнічаў ксёндз канонік Юрый Ясевіч, яго сакратар.
Дэлегацыя ўручыла Святому Айцу падарунак — абраз Маці Божай Будслаўскай, намаляваны мастачкай Ядвігай Сянько.

Ключавым момантам сустрэчы стала ўручэнне афіцыйнага пісьмовага запрашэння для Льва XIV здзейсніць візіт у Беларусь. Дакумент быў перададзены ад імя епіскапату, духавенства і ўсіх вернікаў краіны.
Арцыбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на тое, што ў 2026 годзе будзе адзначацца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, што з’яўляецца важнай датай для мясцовай супольнасці.
Леў XIV з усмешкай і разуменнем прыняў запрашэнне. Ён адзначыў, што каляндар на бягучы Юбілейны год вельмі шчыльны, і на наступны год таксама ўжо ёсць запланаваныя мерапрыемствы. Аднак Святы Айцец даў надзею, што запрашэнне будзе ўважліва разгледжана, а адказ будзе перададзены праз Апостальскую нунцыятуру ў Мінску.
«Мы выйшлі з аўдыенцыі поўныя надзеі»,
— падсумаваў арцыбіскуп Станеўскі.








