Пошук

17.10.2024 10:49   Vatican News BY
Дзяніс Лісейчыкаў. Фота Vatican News BY

16 кастрычніка ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме распачалася двухдзённая міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная ролі Мітрапаліта Кіеўскага Язэпа (Івана Іосіфа) Руцкага ў рэалізацыі рашэнняў Трыдэнцкага Сабора.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, канферэнцыя, прымеркаваная да 450-годдзя з дня нараджэння гэтага рэлігійнага дзеяча, была арганізавана ў супрацоўніцтве з Украінскім каталіцкім універсітэтам і Пасольствам Літвы пры Святым Пасадзе.

У ходзе працы форуму былі развянчаныя некаторыя міфы, якія ўзніклі вакол пытання аб паходжанні ўраджэнца Навагрудчыны, грэка-каталіцкага Мітрапаліта Язэпа Руцкага.

Акрамя таго, становіцца відавочным, што ў касцёльным абнаўленні XVI–XVII стагоддзяў удзельнічалі не толькі каталіцкія супольнасці лацінскага абраду, але таксама ўсходняга, і галоўнае месца ў гэтым руху займаў Мітрапаліт Язэп Руцкі, хоць ён і знаходзіцца ў ценю свайго славутага сучасніка і паплечніка — святога Язафата Кунцэвіча.

Руцкі быў адным з самых выбітных дзеячаў Грэка-Каталіцкай Царквы ў Рэчы Пасталітай. Ахрышчаны ў кальвінскай веры, пасля знаёмства з езуітамі ён перайшоў у каталіцтва, а потым далучыўся да ўсходняга абраду і стаў руплівым апосталам пашырэння уніі, намагаючыся заахвоціць да яе не толькі праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, але таксама Маскоўскай дзяржавы.

Чалавек з выдатнай еўрапейскай адукацыяй, Язэп Руцкі заснаваў Ордэн базыльянаў — манаскую супольнасць, якая мела самую шырокую сетку манастыроў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, а праз сваю актыўную працу з моладдзю, шматлікія школы і друкарні аказала значны ўплыў на духоўнае, культурнае і інтэлектуальнае жыццё беларускага народа.

Канферэнцыя ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ўключае чатыры сесіі, на якіх асоба і дзейнасць Руцкага разглядаюцца з розных пунктаў гледжання. Першае пасяджэнне было прысвечана біяграфічным і агіяграфічным аспектам. З дакладам на гэтую тэму выступіў беларускі гісторык Дзяніс Лісейчыкаў, які пазнаёміў удзельнікаў форуму з вынікамі даследаванняў генеалогіі, сям’і і дзяцінства Руцкага.

У каментары для Vatican News навуковец патлумачыў, што на працягу доўгага часу існавала вельмі шмат міфаў адносна ранняга перыяду жыцця Мітрапаліта Руцкага. Напрыклад, у многіх даследаваннях сцвярджаецца, што ў маленстве ён быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, але вывучэнне дакументальных крыніц выразна паказвае, што сакрамэнт хросту будучы іерарх атрымаў у навагрудскім кальвінскім зборы, згодна з веравызнаннем яго бацькоў.

Іншы міф датычыцца каранёў рэлігійнага дзеяча. Пачынаючы з XVII стагоддзя была распаўсюджана версія пра тое, што род Руцкіх паходзіў з Маскоўскага княства, а на тэрыторыю ВКЛ перасяліўся падчас Лівонскай вайны. Аднак архіўныя дакументы дазволілі праліць святло і на гэтае пытанне і прыйсці да высновы, што продкі грэка-каталіцкага іерарха пражывалі на тэрыторыі Навагрудчыны як мінімум з канца XV стагоддзя.

На думку Дзяніса Лісейчыкава, версія пра маскоўскае паходжанне можа быць толькі легендай, прыдуманай пасля смерці Руцкага, каб спрыяць распаўсюджванню уніі на ўсход.

Вывучэнне генеалогіі Руцкіх дазволіла высунуць яшчэ адну гіпотэзу. Сімвалы, змешчаныя на асабістых пячатках і родавым гербе Мітрапаліта Язэпа Руцкага, а таксама некаторыя моманты яго біяграфіі даюць падставы меркаваць, што продкі іерарха мелі татарскае паходжанне: прадстаўнікі гэтага народа здаўна пражывалі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і былі неад’емнай часткай яго шматкультурнага і шматрэлігійнага грамадства.

Канферэнцыя не абмежавана толькі раннім перыядам жыцця Язэпа Руцкага. Другая сесія навуковага форуму будзе прысвечана яго рэфарматарскай дзейнасці, трэцяя — прысутнасці базыльянаў з Рэчы Паспалітай у Рыме, а чацвёртая — дакументальнай спадчыне і памяці пра Мітрапаліта Руцкага. З дакладамі на гэтыя тэмы выступяць даследчыкі з навуковых цэнтраў Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, ЗША, Літвы, Італіі, Польшчы і Украіны. Гэта ў чарговы раз нагадвае пра тое, што гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з гісторыяй іншых еўрапейскіх народаў, у якой нашы землякі пакінулі свой важны след.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.