Пошук

11.10.2024 10:51   Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: iubilaeum2025.va

Пачалася электронная рэгістрацыя для пілігрымаў, якія жадаюць прайсці праз Святыя Дзверы чатырох галоўных базылік Рыма падчас Юбілею 2025 Святога года.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Пасад запусціў сістэму электроннай рэгістрацыі для пілігрымаў, якія плануюць наведаць Рым падчас Юбілейнага 2025 года. Гэта дазволіць упарадкаваць паток вернікаў і пазбегнуць чэргаў ля Святых Дзвярэй.

Святыя Дзверы будуць адчыненыя ў чатырох галоўных базыліках Вечнага горада. Найдаўжэй, з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026 года, — у ватыканскай базыліцы святога Пятра. Таксама Папа Францішак асабіста адчыніць Святыя Дзверы ў Латэранскай базіліцы 29 снежня 2024 года, у базіліцы Святой Марыі Вялікай — 1 студзеня 2025 года, а ў базыліцы святога Паўла за Мурамі — 5 студзеня.

Праход праз Святыя Дзверы — гэта сімвалічны жэст пакаяння і навяртання.

Для зручнасці пілігрымаў на афіцыйным сайце Юбілею iubilaeum2025.va тлумачыцца, як прайсці рэгістрацыю. Кожны ахвотны можа выбраць зручны для сябе дзень і час для наведвання святынь. Варта адзначыць, што для ўдзельнікаў арганізаваных груп, якія ўжо зарэгістраваліся на адно з вялікіх юбілейных мерапрыемстваў, дадатковая рэгістрацыя не патрабуецца.

Юбілей 2025 года абяцае стаць адной з найбуйнейшых падзей у жыцці Каталіцкага Касцёла. Для тых, хто мае пытанні ці патрабуе дадатковай інфармацыі, на вуліцы Канчыліяцыёнэ, 7 (Via Conciliazione 7), непадалёк ад плошчы святога Пятра, адкрыты інфармацыйны пункт Юбілею. Ён будзе працаваць бесперапынна да лютага 2026 года. Тут жа пілігрымы змогуць атрымаць памятнае пасведчанне аб удзеле ў Юбілеі — так званае Testimonium.

Юбілейны год — гэта асаблівы час у жыцці Касцёла, калі вернікі могуць атрымаць поўны адпуст і духоўна абнавіцца.

Падрыхтоўка да гэтай важнай падзеі ідзе поўным ходам, і Святы Пасад робіць усё магчымае, каб забяспечыць камфорт і духоўнае ўзбагачэнне для дзясяткаў мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.

Абноўлена 11.10.2024 10:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.