Пошук

18.09.2024 09:56   Паводле: Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: rcdea.org.uk

17 верасня ў Ватыкане было абнародавана Пасланне Папы Францішка на 39-ы Сусветны дзень моладзі, які будзе адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні 24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, тэма звароту Святога Айца была натхнёная словамі прарока Ісаі (пар. Іс 40, 31): «Тыя, хто спадзяецца на Пана, ідуць нястомна».

На пачатку паслання Пантыфік выказаў блізкасць моладзі, якая плаціць самы высокі кошт жыцця ў часы, «пазначаныя драматычнымі сітуацыямі, што спараджаюць роспач і не дазваляюць нам глядзець у будучыню са спакойнай душой: трагедыяй вайны, сацыяльнай несправядлівасцю, няроўнасцю, голадам, эксплуатацыяй чалавека і стварэння».

Жыццё — пілігрымка да Бога

Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат не апускаць рукі і памятаць, што наша жыццё — гэта пілігрымка ў пошуку шчасця, «пілігрымка да Бога, нашага збаўлення і паўнаты ўсялякага дабра». Варта вырушыць у яе, а не проста «глядзець на жыццё з балкона», — нагадаў Папа Францішак.

«Дасягненні, заваяванні і поспехі на гэтым шляху, калі застаюцца выключна матэрыяльнымі, пасля першага моманту задавальнення ўсё адно пакідаюць нас ненасычанымі, прагнучымі больш глыбокага сэнсу; яны насамрэч не могуць цалкам задаволіць душу, бо мы створаны Тым, хто бясконцы, і таму ў нас жыве імкненне да трансцэндэнтнасці, пастаянная туга па спаўненні больш высокіх памкненняў», — заўважыў Папа.

Лепш быць стомленым дарогай, чым нудзіцца ў нерухомасці

Святы Айцец зазначыў, што, пазбягаючы сур’ёзных выклікаў і запаўняючы жыццё мноствам пустых спраў, чалавек уваходзіць у нуду, якая ператвараецца ў «стан апатыі і незадаволенасці, уласцівы тым, хто ніколі не выходзіць у дарогу, не вырашае, не выбірае, не рызыкуе, а аддае перавагу прабыванню ў сваёй зоне камфорту, закрытасці ў сабе, бачачы і ацэньваючы свет з-за экрану, ніколі не „пэцкаючы рукі“ праблемамі, іншымі людзьмі, жыццём».

«Гэты від стомленасці нібыта цэмент, у які пагружаны нашыя ногі, які напрыканцы становіцца цвёрдым, цяжкім, паралізуе нас і перашкаджае ісці далей.

Я аддаю перавагу стомленасці тых, хто ідзе, чым нудзе тых, хто застаецца нерухомым і не мае жадання крочыць», — падкрэсліў Папа.

Надзея дае сілы працягваць шлях

Пантыфік адзначыў, што сродкам ад стомленасці ў жыцці з’яўляцца надзея. «Надзея перамагае кожную стому, кожны крызіс і кожную трывогу, даючы моцную матывацыю, каб ісці наперад», — сказаў ён, нагадаўшы, што надзея з’яўляецца дарам, які Бог нам дае, каб мелі сілы працягваць шлях да мэты, нягледзячы на цяжкасці.

Святы Айцец запэўніў моладзь, што Бог суправаджае яе на шляху і ўмацоўвае сваімі дарамі, у першую чаргу Эўхарыстыяй.

У моманты стомленасці варта звяртацца да Яго, «вучыцца адпачываць, як Езус і ў Езусе».

Пантыфік падкрэсліў, што крызісы могуць стаць важным часам для духоўнага росту, ачышчэння душы і пазбаўлення ад ілюзорных спадзяванняў.

Стаць пілігрымамі, а не турыстамі на жыццёвым шляху

Папа Францішак заклікаў моладзь стаць пілігрымамі, а не турыстамі на жыццёвым шляху.

«Гэта значыць, што ваш шлях не павінен быць толькі павярхоўным пераходам праз жыццё, без асэнсавання прыгажосці таго, што сустракаеце, без адкрыцця сэнсу пройдзеных дарог, ловячы толькі кароткія моманты, мімалётныя досведы, якія можна захаваць у сэлфі. Так робяць турысты. Пілігрым жа цалкам занураецца ў месцы, якія наведвае, дазваляе ім прамаўляць, робіць іх часткай свайго пошуку шчасця», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб Юбілей 2025 года стаў часам духоўнага падарожжа для моладзі, падзеяй жывой і асабістай сустрэчы з Панам, якую варта пражыць з удзячнасцю, у пошуку і з пакаяннем.

Дапамагчы іншым маладым людзям адчуць любоў Бога

Прагадаўшы форму каланады плошчы святога Пятра ў Ватыкане, якая сімвалізуе Касцёл, што прымае ў абдымкі ўсіх сваіх дзяцей, Папа Францішак заахвоціў моладзь перажыць Святы год як час прабывання ў абдымках міласэрнага Бога.

«Прынятыя Богам і адроджаныя ў Ім, вы таксама станеце раскрытымі абдымкамі для многіх вашых сяброў і аднагодкаў, якія маюць патрэбу ў тым, каб праз вашае прыняцце адчуць любоў Бога Айца», — запэўніў Святы Айцец.

Абноўлена 18.09.2024 09:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця