Пошук

23.07.2024 11:08   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Віктара Ведзеня

У нядзелю 28 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе адзначацца IV Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей.

Сёлета Дзень пажылых людзей пройдзе на тэму: «У старасці не пакідай мяне» (пар. Пс 71 (70), 9).

Урачыстую цэлебрацыю з гэтай нагоды ў будслаўскай базыліцы ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

  • Пачатак а 12-й гадзіне.

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у святкаванні Дня пажылых людзей, які па ініцыятыве Папы Франішка з 2021 года штогод адзначаецца ва ўсім Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса (26 ліпеня).

Апостальская пэнітэнцыярыя ўдзяляе поўны адпуст з нагоды IV Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей.

Гэты адпуст распаўсюджваецца на ўсіх вернікаў, якія ў духу пакаяння і міласэрнасці 28 ліпеня возьмуць удзел ў набажэнстве, якое Святы Айцец узначаліць у ватыканскай базіліцы святога Пятра, або ў розных мерапрыемствах, якія адбудуцца па ўсім свеце з нагоды Сусветнага дня, у тым ліку ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чысцы. Яго ўмовы звычайныя: сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная камунія і малітва ў інтэнцыях Папы Францішка.

Пэнітэнцыярыя таксама ўдзяляе поўны адпуст вернікам, якія ў гэты Дзень прысвецяць адпаведную колькасць часу, каб наведаць пажылых братоў і сясцёр, хворых, самотных, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць яго тры абавязковыя ўмовы хворымі пажылымі людзьмі, тымі, хто ім дапамагае, і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцый у сродках масавай інфармацыі.

Абноўлена 26.07.2024 19:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.