Пошук

01.02.2021 18:01   Паводле: Vatican News
Фота: hellopolish.pl

Папа ўстанавіў у Касцёле Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які будзе адзначацца ў чацвёртую нядзелю ліпеня з нагоды ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля малітвы «Анёл Панскі», якая прайшла 31 студзеня ў Ватыкане, Святы Айцец нагадаў, што 2 лютага будзе адзначацца свята Ахвяравання Пана. У гэты дзень Касцёл успамінае, як пажылыя Сімяон і Ганна, асветленыя Святым Духам, распазналі ў Езусе Месію.

«Таксама і сёння Святы Дух абуджае ў пажылых людзях мудрыя думкі і словы: іх голас — каштоўны, бо ўзносіць гімн хвалы Богу і захоўвае карані народаў. Яны нагадваюць, што старасць — гэта дар і што дзядулі і бабулі з’яўляюцца сувязным звяном паміж пакаленнямі, каб перадаваць моладзі досвед жыцця і веры», — сказаў Папа.

Ён заўважыў, што пажылыя людзі нярэдка застаюцца пакінутымі, а мы забываем пра каштоўнасць захавання каранёў і іх перадачы.

«У сувязі з гэтым я вырашыў устанавіць Сусветны дзень дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, які будзе штогадова адзначацца ва ўсім Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, блізка да літургічнага ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса», — дадаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць сустрэчы паміж пакаленнямі, каб дзядулі і бабулі маглі дзяліцца сваімі марамі з унукамі, а ўнукі маглі рэалізоўваць іх і прарочыць.

Абноўлена 20.04.2021 15:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця