Пошук

01.02.2021 12:14   Vatican News
ANSA

31 студзеня перад малітвай «Анёл Панскі», якая праходзіла ў Ватыкане, Папа Францішак заклікаў слухаць слова Езуса і ісці за Ім, каб спазнаць у жыцці знакі Яго збаўлення.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак (пар. Мк 1, 21–28), у якім распавядаецца пра «тыповы дзень» служэння Езуса: у шабат — дзень, прысвечаны адпачынку і малітве, — Хрыстус чытаў і каментаваў Святое Пісанне ў сінагозе Кафарнаума. Прысутных здзіўляла тое, як прапаведаваў Езус, бо Ён прамаўляў з «уладай», якой не мелі кніжнікі. Акрамя таго, Езус прадэманстраваў сваю магутнасць і ў дзеянні, калі выгнаў нячыстага духа з чалавека.

Папа Францішак падкрэсліў, што тут бачныя два элементы, уласцівыя дзейнасці Езуса: прапаведаванне і цудатворныя справы аздараўлення.

Евангеліст Марк вылучыў першы з гэтых аспектаў, а экзарцызм паказаў як пацвярджэнне выключнай «улады» Езуса і Яго вучэння.

Пантыфік патлумачыў, што Езус прапаведаваў з уладай, «чэрпаючы вучэнне з Сябе», і гэта кранала сэрцы людзей. Кніжнікі ж толькі «паўтаралі папярэднія традыцыі і перададзеныя законы». «Вучэнне Езуса мела ўладу самога Бога, які прамаўляў», а таму, як дадаў Святы Айцец, адным толькі загадам Ён вызваліў апантанага ад нячыстага духа і аздаравіў яго.

Пантыфік заўважыў, што мэтай прапаведавання Езуса была перамога над злом, прысутным у чалавеку і свеце. «Яго слова было скіравана непасрэдна супраць валадарства д’ябла, увяло таго ў крызіс, прымусіла адступіць, абавязала выйсці са свету», — сказаў Папа.

Папа Францішак падкрэсліў, што зняволены нячыстым духам чалавек «вызваліўся і ператварыўся ў новую асобу», бо «прапаведаванне Езуса мае логіку, супрацьлеглую логіцы свету і злога: Яго словы пераварочваюць памылковы парадак рэчаў».

«Нячысты дух, прысутны ў апантаным, закрычаў, калі Езус наблізіўся: “Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас?”

Гэтыя словы ўказваюць на абсалютную рознасць паміж Езусам і сатаной: яны знаходзяцца на цалкам розных узроўнях; паміж імі няма нічога супольнага; адзін супрацьлеглы другому»,

— сцвердзіў Пантыфік.

«Будзем і мы слухаць словы Езуса, якія маюць уладу: заўсёды, не забываючы пра гэта! Насіце ў кішэні ці сумцы маленькі асобнік Евангелля, каб чытаць яго на працягу дня, каб слухаць моцнае слова Езуса», — заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Панна Марыя заўсёды захоўвала ў сваім сэрцы словы і ўчынкі Езуса, наследавала Яго з поўнай адкрытасцю і вернасцю. «Няхай Яна дапаможа і нам слухаць Яго і ісці за Ім, каб спазнаць у нашым жыцці знакі Яго збаўлення», — пажадаў Святы Айцец на заканчэнне свайго разважання.

Абноўлена 01.02.2021 14:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа