9 ліпеня быў апублікаваны асноўны тэкст, якім будуць кіравацца ў сваёй працы ўдзельнікі Другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, што пройдзе ў Ватыкане з 2 па 27 кастрычніка.
Агляд Працоўнага дакумента Другой сесіі Сіноду на тэму сінадальнасці падала Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Дакумент з’яўляецца працягам усяго сінадальнага працэсу, які распачаўся ў 2021 годзе. Ён вылучае прапановы па пераўтварэнні Касцёла ў яшчэ больш «сінадальны ў місіі» і актыўны праз удзел усіх ахрышчаных, бліжэйшы да народа.
Сярод пунктаў для разважанняў — пашырэнне прысутнасці жанчын і неабходнасць празрыстасці і падсправаздачнасці.
Як быць місіянерскім сінадальным Касцёлам? — гэта асноўнае пытанне, з якога пачынаецца Instrumentum laboris. Дакумент, прадстаўлены ў прэс-службе Святога Пасаду, не прапануе «гатовых адказаў»: гэта, хутчэй, «указанні і прапановы» аб тым, як Касцёл у цэлым можа адказаць на неабходнасць быць «сінадальным у місіі», бліжэйшым да людзей, менш бюракратычным, домам і сям’ёй Бога, у якой усе ахрышчаныя нясуць сумесную адказнасць і ўдзельнічаюць у яе жыцці, адрозніваючы свае розныя служэнні і ролі.
Пяць частак дакумента
Тэкст складаецца з пяці раздзелаў: уводзінаў, асноўных палажэнняў і трох цэнтральных частак.
Уводзіны нагадваюць пра пройдзены шлях і падкрэсліваюць ужо дасягнутыя мэты, напрыклад, шырокае выкарыстанне сінадальнай метадалогіі «размовы ў Духу».
Потым ідуць асноўных палажэнні (пп. 1–18), якія засяроджваюцца на разуменні сінадальнасці, што разглядаецца як шлях навяртання і рэформы. У свеце, пазначаным падзеламі і канфліктамі, падкрэсліваецца тут, Касцёл пакліканы быць знакам адзінства, прыладай прымірэння і слухання ўсіх, асабліва бедных, маргіналізаваных, меншасцяў, пазбаўленых улады.
Пашана да жанчын у Касцёле
Асноўныя палажэнні даюць вялікую прастору (пп. 13–18) для разважанняў аб ролі жанчын ва ўсіх сферах жыцця Касцёла, падкрэсліваючы «неабходнасць больш поўнага прызнання» іх харызмы і паклікання.
«Бог выбраў некаторых жанчын у якасці першых сведак і абвяшчальніц уваскрасення», — нагадваецца ў Працоўным дакуменце, таму яны «дзякуючы хросту знаходзяцца ў стане поўнай роўнасці, атрымліваюць такое ж праліццё дароў Духа Святога і пакліканне да служэння місіі Хрыста».
Удзел і адказнасць
У некаторых культурах, вынікае з тэксту, «застаецца моцнай прысутнасць маскулізму», па гэтай прычыне на другой сесіі Сінодe прапануецца абмеркаванне «больш шырокага ўдзелу жанчын у працэсах касцёльнага распазнавання і на ўсіх этапах прыняцця рашэнняў», «больш шырокага доступу да адказных пасад у дыяцэзіях і касцёльных установах», у семінарыях і інстытутах, на тэалагічных факультэтах, а таксама «ў ролі суддзяў у кананічных працэсах».
Прапановы таксама датычацца кансэкраваных жанчын: гаворка ідзе пра «больш шырокае прызнанне і больш рашучую падтрымку» іх жыцця і харызмы, а таксама іх «працы на адказных пасадах».
Працяг тэалагічных разважанняў над жаночым дыяканатам
Што датычыцца допуску жанчын да дыяканскага служэння, Працоўны дакумент паведамляе, што гэтага просяць «некаторыя мясцовыя Касцёлы», у той час як іншыя «зноў заяўляюць пра сваю нязгоду» (п. 17).
Падкрэсліваецца, што тэма «не стане прадметам працы» ў кастрычніку, але даецца высокая ацэнка таго факту, што «тэалагічныя разважанні працягваюцца».
У любым выпадку, разважанне над роляй жанчыны «падкрэслівае жаданне ўмацавання ўсіх паслуг, якія выконваюць свецкія вернікі», бо неабходна, каб «яны, належным чынам падрыхтаваныя, таксама маглі зрабіць свой унёсак у прапаведаванне Слова Божага нават падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі» (п 18).
Частка I: Адносіны з Богам, паміж братамі і Касцёламі
Пасля ўводзінаў і асноўных палажэнняў Дакумент засяроджваецца на адносінах (пп. 22–50), якія дазваляюць Касцёлу быць сінадальным у місіі, — на адносінах з Богам Айцом, паміж братамі і сёстрамі і паміж Касцёламі.
Харызмы, служэнне і пасвячанае служэнне неабходныя ў свеце і для свету, які, сярод столькіх супярэчнасцяў, шукае справядлівасці, міру і надзеі.
З мясцовых Касцёлаў чуецца таксама голас маладых людзей, якія просяць Касцёла не структурнага ці бюракратычнага, але заснаванага на адносінах, якія абуджаюць і перажываюцца ў дынаміцы і на шляху. З гэтага пункту гледжання кастрычніцкая асамблея зможа прааналізаваць прапанову аб стварэнні новых відаў служэння, напрыклад служэння «слухання і суправаджэння».
Частка II: Шляхі станаўлення і супольнаснага распазнавання
Адносіны павінны развівацца па-хрысціянску (пп. 51–79) шляхам навучання і «распазнавання ў супольнасці», што дазволіць Касцёлам прымаць адпаведныя рашэнні, фармулюючы адказнасць і ўдзел усіх.
«Перапляценне пакаленняў — гэта школа сінадальнасці. Кожны, слабы і моцны, дзеці, маладыя і старыя, павінны многае атрымаць і многае аддаць», — сцвярджаецца ў Працоўным дакуменце (п. 55).
- Важнасць падсправаздачнасці
Сярод шляхоў, па якіх варта ісці, ёсць і такія, якія дазваляюць тым, хто знаходзіцца на касцёльных пасадах, празрыста адказваць за свае дзеянні на карысць місіі Касцёла. «Касцёл сінадальны мае патрэбу ў культуры і практыцы празрыстасці і падсправаздачнасці, неабходных для ўмацавання ўзаемнага даверу», — гаворыцца ў тэксце (п. 73).
Падкрэсліваецца, што сёння «патрабаванне празрыстасці і падсправаздачнасці ў Касцёле і з боку Касцёла ўзнікла пасля страты даверу з прычыны фінансавых скандалаў і, перш за ўсё, сексуальных і іншых злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых людзей».
«Фактычна, адсутнасць празрыстасці і формаў падсправаздачнасці падсілкоўвае клерыкалізм» (п. 75), — лічаць аўтары.
- Неабходнасць у ацэначных структурах
Падсправаздачнасць і празрыстасць, настойвае Працоўны дакумент, таксама ўплываюць на «душпастырскія планы, метады евангелізацыі і тое, як Касцёл ставіцца да паважання годнасці чалавечай асобы, напрыклад, у дачыненні да ўмоваў працы ў сваіх установах» (п. 76). Адсюль заклік да стварэння «неабходных структур і формаў ацэнкі таго, як выконваюцца ўсе віды службовых абавязкаў» (п. 77).
Касцёл павінен публікаваць штогадовую справаздачу як па кіраванні актывамі і рэсурсамі, так і па выкананні місіі, у тым ліку ў пытаннях гарантавання бяспекі непаўналетніх і ўразлівых асобаў (п. 79).
Частка III: Месцы экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу
Месцы для развіцця адносін трэба разумець як канкрэтны кантэкст, які характарызуецца культурай і дынамізмам чалавечага стану (пп. 80–108).
Запрашаючы да пераадолення статычнай канцэпцыі касцёльнага досведу, Працоўны дакумент прызнае мноства магчымасцяў, што дазваляе Касцёлу — адзінаму і паўсюднаму — жыць у дынамічнай цыклічнасці «месцаў». І менавіта ў гэты гарызонт павінны быць уключаны вялікія тэмы экуменічнага, міжрэлігійнага і культурнага дыялогу. Сюды ўпісваецца і пошук формаў ажыццяўлення Пятровага служэння, адкрытых для «новай сітуацыі» экуменічнага шляху (пп. 102 і 107).
Пілігрымы надзеі
Instrumentum laboris завяршаецца запрашэннем працягваць шлях як «пілігрымы надзеі», у тым ліку ў перспектыве Юбілею 2025 года (п. 112).