Пошук

27.06.2024 14:41   Vatican News BY
Архіўнае фота: Vatican Media

З нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабору, якое будзе адзначацца ў 2025 годзе, Міжнародная тэалагічная камісія рыхтуе дакумент аб Сімвале веры, абвешчаным у той час і дапоўненым на Канстанцінопальскім Саборы 381 года.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, над тэкстам, які павінен быць апублікаваны ў пачатку наступнага года, працуе група тэолагаў пад кіраўніцтвам Генеральнага сакратара Камісіі ксяндза П’етро Коды.

Ватыканскаму штодзённіку L’Osservatore Romano намеснік сакратара Камісіі ксёндз Маўрыцыё Барба патлумачыў, што дакумент мае на мэце даць «даксалагічнае» прачытанне Сімвала веры, каб «падкрэсліць яго сатэрыялагічнасць, а значыць хрысталагічнасць, трынітарнасць і антрапалагічнасць».

Фактычна, «гаворка ідзе пра тое, каб нанава адкрыць Хрыста, Святло ад Святла і Святло свету, ва ўсёй Яго прывабнай сіле».

Ён падкрэсліў, што ўспамін Нікейскага Сабору і ў прыватнасці Сімвала веры, які з яго вынікае, «адыгрывае фундаментальную ролю ў ахове і перадачы веры, ставячы ў цэнтр паглыбленне трынітарнай керыгмы як жыццёвага досведу сустрэчы евангелізацыі з укрыжаваным і ўваскрослым Панам, Сынам Божым і Збаўцам, у святле Духа».

Міжнародная тэалагічная камісія была заснавана ў 1969 годзе Папам Паўлам VI для вывучэння важных дактрынальных праблем, аказваючы такім чынам дапамогу Настаўніцтву Касцёла, і асабліва Кангрэгацыі (цяпер — Дыкастэрыі) Веравучэння, прэфект якой з’яўляецца старшынёй Камісіі. У цяперашні час яна складаецца з 28-і тэолагаў з усяго свету.

Папа Францішак даручыў Камісіі тры тэмы для разважанняў: хрысціянская антрапалогія перад абліччам сучасных культурных выклікаў; першы Сусветны Нікейскі Сабор і актуальнасць яго вучэння; Боскі след у стварэнні і клопат чалавека аб стварэнні.

У 2022 годзе ён таксама прасіў тэолагаў Камісіі аб «творчай вернасці Традыцыі»; паглыбленні інкультурацыі Евангелля; адкрытасці на ўнёсак іншых навуковых дысцыплін шляхам кансультацый са спецыялістамі, у тым ліку некатолікамі; гатоўнасці да калегіяльнай працы.

Абноўлена 27.06.2024 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.