Чатырохметровы крыж, выкананы сучасным італьянскім мастаком Дэмэніко (Мімо) Паладзіна, стане сімвалам Першых Сусветных дзён дзіцяці, якія па ініцыятыве Папы Францішка 25–26 мая пройдуць у Рыме.
Як паведаміла 23 мая Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, крыж будзе суправаджаць маленькіх вернікаў, якія ў межах гэтага мерапрыемства, якое праводзіцца ўпершыню ў гісторыі, збяруцца на рымскім Алімпійскім стадыёне і на плошчы святога Пятра.
У бліжэйшыя выходныя ў Рыме будуць праходзіць Першыя Сусветны дні дзіцяці. Запрашэнне на свята хлопчыкам і дзяўчынкам даслаў Папа Францішак.
«Звяртаюся перш за ўсё да кожнага з вас асабіста: да цябе, дарагая дзяўчынка; да цябе, дарагі хлопчык, таму што ты каштоўны ў вачах Бога», — напісаў Святы Айцец.
У другой палове дня ў суботу святочныя мерапрыемствы пройдуць на Алімпійскім стадыёне Рыма. Сустрэчу ўзначаліць Папа Францішак. У праграме — цырымонія прывітання замежных дэлегацый; канцэрт, весці які будзе вядомы італьянскі тэлевядучы Карло Конці; і кульмінацыйны момант — дыялог Папы з дзецьмі.
У нядзельную раніцу ініцыятыва перамесціцца на плошчу перад ватыканскай базылікай святога Пятра. Тут пройдзе заключная цэлебрацыя Эўхарыстыі і малітва Анёл Панскі, падчас якой Папа дашле прывітанне дзецям усяго свету.
Сімвалам Першых Сусветных дзён дзіцяці стане «Крыж радасці» вышынёй больш за чатыры метры. Італьянскі мастак Дамэніко (Мімо) Паладзіна працаваў над ім амаль месяц. Кветкі і зоркі, расліны і жывёлы, якія ён адлюстраваў на крыжы, былі натхнёныя Евангеллем і казкамі. Як патлумачыў сам мастак, на крыжы «прадстаўленыя элементы хрысціянскай гісторыі і культуры, а таксама казачныя выявы, каб стымуляваць фантазію дзяцей і дарослых».
У сустрэчы з Папам возьмуць удзел дзясяткі тысяч маленькіх пілігрымаў з розных куткоў свету. Беларусь на першым у гісторыі Сусветным дні дзяцей будуць прадстаўляць каля 20 маленькіх вернікаў.
Арганізатарам пілігрымкі выступіў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску. На добрую дарогу маленькіх пілігрымаў з нашай краіны благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Смтанеўскі.
Групу дзяцей суправаджаюць бацькі і адказныя асобы на чале з сястрой Чаславай Навіцкай USJK, адказнай за душпастырства дзяцей у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Акрамя ўдзелу ў Сусветным дні дзяцей, малыя пілігрымы з Беларусі наведаюць святыні і славутыя месцы Вечнага горада.