Пошук

05.06.2024 16:54   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Артур Антушэвіч / Grodnensis.by

1 чэрвеня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбыўся Дзясяты дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці пад дэвізам «З малітвай праз жыццё».

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на гэтым свяце, якое праводзілася ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, сабралося больш за паўтары тысячы дзяцей з парафій дыяцэзіі. Прысутнічала таксама група з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Віцебская дыяцэзія).

Дзеці прыбылі са сваімі душпастырамі, з законнымі сёстрамі, катэхетамі, бацькамі.

У падрыхтоўцы і правядзенні свята дапамагалі больш за сто маладых валанцёраў і аніматараў. Рыхтаваць мерапрыемства яны пачалі загадзя на тэрыторыі гродзенскай парафіі благасаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.

У прыгатаванні пачастунку для дзяцей удзельнічалі больш за 20 жанчын. Яны гатавалі пасілак з самага ранку ў дзень свята.

Праграма Дня дзіцяці была насычанай. Акрамя малітвы, якая займала значнае месца, быў час на разнастайныя атракцыёны, гульні, забавы.

Працавалі творчыя майстэрні, дзе з дапамогай аніматараў можна было зрабіць крыжык з ніткі ці анёла з матэрыі. Дзеці ахвотна ўдзельнічалі ў гэтых занятках, праяўляючы ў іх атрыманыя ад Бога таленты і здольнасці.

Найважнейшай падзеяй дня стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а гамілію прамовіў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй. У ёй пасвячаны нядаўна іерарх адзначыў, што Сэрца Езуса заўсёды адкрытае для кожнага і кожны можа знайсці ў ім суцяшэнне і паратунак.

Біскуп Гуляй звярнуў увагу таксама на дэвіз сёлетняга Дня дзіцяці: «З малітвай праз жыццё». Кажучы пра важнасць малітвы, ён падкрэсліў, што яна дае чалавеку неабходную адвагу і надзею, каб з верай ісці дарогамі жыцця.

Біскуп каад’ютар заахвоціў дзяцей прыкласці ўсе старанні, каб малітва стала фундаментам іх жыцця, і звяртацца да Бога, свайго Створцы, у радасці і ў смутку.

На заканчэнне Імшы біскуп Кашкевіч пажадаў дзецям правесці канікулы з карысцю і не змарнаваць ласкі, якую дае Бог, пасля чаго іерархі ўдзялілі дзецям пастырскае благаслаўленне на час летняга адпачынку.

Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб дзеці рознага ўзросту маглі знайсці на свяце штосьці цікавае для сябе.

Навінкай сёлетняга Дня дзіцяці была 15-хвілінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту для кожнай парафіі.

Студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне падрыхтавалі для адарацыі разважанні, падчас якіх дзеці маглі звярнуцца ў малітве да Бога. Напрыканцы адарацыі кожны мог падысці да алтара і ўзяць з кошыка зварот, прызначаны для таго, каб забраць яго з сабой і падзяліцца яго зместам з блізкімі.

«Я абраў цябе для цудоўнай і вялікай місіі. Ты вельмі патрэбны Мне! Не забывай, што самы каштоўны час для цябе той, які мы праводзім разам! Толькі прымаючы Маю любоў, ты становішся ёю і перадаеш яе іншым! Нябесны Айцец, які любіць цябе», — такімі былі словы звароту.

Вялікай радасцю для дзяцей было выступленне семінарыйнага гурта «Ave». Асабліва задаволены былі дзеці старэйшага ўзросту, якія чакалі сустрэчы з семінарыстамі.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся ўрачысты Акт прысвячэння дзяцей Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Кожнае дзіця атрымала абразок з выявай Сэрца Пана Езуса і тэкстам прысвячэння на адваротным баку.

На заканчэнне была пагашана свечка на юбілейным торце, а потым прадстаўнікі кожнай парафіі, хлопчык і дзяўчынка, разам з арганізатарамі выпусцілі ў неба белага голуба. Гэтым завяршылася свята.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа