Пошук

17.05.2024 19:11   Паводле: Niedziela.pl / Фота: Włodzimierz Rędzioch/Niedziela / Catholic.by

У панядзелак 13 мая ў касцёле Сан-Марчэллё-аль-Корса ў Рыме была адкрыта незвычайная выстава, на якой можна ўбачыць тры незвычаныя крыжы.

Як нагадвае Niedziela.pl, у межах святкавання Святога 2000 года 12 сакавіка адзначаўся Дзень прабачэння. З гэтай нагоды Ян Павел ІІ распарадзіўся змясціць у ватыканскай базыліцы святога Пятра славутае ўкрыжаванне з рымскага касцёла Сан-Марчэллё-аль-Корса.

Мільёны тэлегледачоў па ўсім свеце назіралі, як Папа абдымаў укрыжаванага Хрыста.

Гэты жэст Папы стаў адным з сімвалаў пантыфікату святога Яна Паўла ІІ.

На працягу стагоддзяў рымляне ўшаноўвалі крыж з гэтага гістарычнага касцёла, пабудаванага ў IV стагоддзі на руінах катабулума — галоўнай пошты Старажытнага Рыма. У XIV стагоддзі ў касцёле Сан-Марчэллё быў змешчаны драўляны крыж з выявай укрыжаванага Хрыста. Калі святыня цалкам згарэла падчас пажару ў 1519 годзе, у попеле было знойдзена непашкоджанае ўкрыжаванне, што выклікала вялікае здзіўленне рымлянаў. Яго змясцілі ў новым, рэнесансным касцёле, які быў пабудаваны на тым самым месцы.

З гэтага дня крыж стаў прадметам асаблівага ўшанавання сярод жыхароў Вечнага горада, а працэсіі з ім сталі нязменнай часткай рымскай традыцыі.

Летапісы сведчаць, што праз тры гады пасля пажару, у 1522 годзе, калі ў Рыме шырылася эпідэмія халеры, на працягу некалькіх дзён па вуліцах горада ў працэсіі неслі крыж, каб маліць Бога аб спыненні эпідэміі. У Святыя гады яго неслі з касцёла Сан-Марчэллё, размешчанай на вуліцы Корса, да ватыканскай базылікі святога Пятра. Апошні раз гэта было зроблена падчас Святога 1950 года.

Фота: Vatican Media

Між тым Папа Францішак ужо двойчы маліўся пры крыжы з касцёла Сан-Марчэллё, калі свет быў ахоплены пандэміяй каранавіруса. 15 сакавіка 2020 года Святы Айцец здзейсніў прыватную пілігрымку ў святыню, дзе захоўваецца ўкрыжаванне. Праз некалькі дзён, у дажджлівы вечар 27 сакавіка, Папа ўзначаліў малітву на прыступках базылікі святога Пятра, перад цалкам пустой плошчай з-за ўведзенага ў той час карантыну.

У касцёле, дзе захоўваецца самае славутае ў Рыме ўкрыжаванне, у межах культурнай падрыхтоўкі да Святога 2025 года (ініцыятыва «Юбілей — гэта культура») было арганізавана трэцяе мерапрыемства — унікальная выстава пад назвай «Хрыстус Далі ў Рыме».

Вядомая карціна іспанскага мастака «Хрыстус святога Яна ад Крыжа» (вядомы як «Хрыстус з Портлігата», алей на палатне, выкананы ў 1951 годзе, 204,8 х 115,9 см, уласнасць мастацкай галерэі Кэлвінгроў у Глазга) упершыню выстаўляецца побач з прадметам, сцісла з ім звязаным, з якога Далі чэрпаў натхненне для свайго шэдэўра.

Гэта невялікі малюнак і адначасова рэліквія «Хрыстус Укрыжаваны» (туш на паперы, 57 х 47 мм), выкананы самім святым Яна ад Крыжа, які, паводле традыцыі, намаляваў яго пасля містычнага аб’яўлення.

Праца захоўваецца ў рэлікварыі святога ў кляштары дэ ла Энкарнасьён у Авіле.

Выставу прадставіў і ўрачыста адкрыў арцыбіскуп Рыно Фізікела, прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі. Наведванне будзе бясплатным да 23 чэрвеня 2024 года.

 

Абноўлена 17.05.2024 19:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа