Пошук

15.05.2024 13:48   Vatican News BY
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo/Lola Gomez

14 мая ў Ватыкане было абнародавана Пасланне Папы Францішка на IV Сусветны дзень бабуль, дзядуляў і пажылых людзей, які будзе адзначацца 28 ліпеня.

Знаёмячы са зместам папскага Паслання, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што сёлета тэма Сусветнага дня пажылых людзей: «У старасці не пакідай мяне» (пар. Пс 71 (70), 9).

«Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей, ніколі. Нават калі мы старэем і сілы нашыя слабнуць, калі нашыя валасы сівеюць, а нашая роля ў грамадстве памяншаецца, калі нашае жыццё становіцца менш прадуктыўным і можа здавацца бескарысным», — напісаў Папа Францішак, дадаўшы, што старажытныя камяні могуць служыць трывалым падмуркам для новых камянёў, каб «будаваць дом духоўны» (пар. 1 П 2, 5).

У Святым Пісанні мы знаходзім як упэўненасць у блізкасці Бога на кожным этапе жыцця, так і страх быць пакінутымі, асабліва ў старасці і падчас пакут. «Тут няма супярэчнасці», — зазначыў Францішак, запрасіўшы азірнуцца вакол, каб пабачыць відавочную рэальнасць: самота з’яўляецца бязрадасным спадарожнікам састарэлых людзей.

У самоты ёсць шмат прычын: эміграцыя, канфлікты. У некаторых кутках свету захаваліся забабоны, калі ў заўчаснай смерці альбо няшчасцях маладога чалавека беспадстаўна вінавацяць пажылога. «З гэтым менталітэтам неабходна змагацца і выкараняць яго», каб не падсілкоўваць канфлікт пакаленняў, зазначыў Папа.

Аднак нават у самых перадавых грамадствах можна сустрэцца з абвінавачваннем старых у «крадзяжы будучыні ў маладых». Напрыклад, шырока распаўсюджана перакананне ў тым, што пажылыя людзі абцяжарваюць моладзь высокімі выдаткамі на сацыяльныя паслугі. На думку Святога Айца, гэта скажонае ўспрыманне рэальнасці і непрымальная форма маніпуляцыі ставіць на карту адзінства розных узростаў чалавечага жыцця.

У псальме, радок з якога стаў тэмай сёлетняга Сусветнага дня пажылых людзей, гаворыцца пра змову супраць старых.

«Гэта можа здацца перабольшаннем, але гэта не так, калі ўлічваць, што самота і пакінутасць пажылых не выпадковыя і не непазбежныя, а з’яўляюцца вынікам рашэнняў — палітычных, эканамічных, сацыяльных і асабістых, — якія не прызнаюць бясконцай годнасці кожнага чалавека незалежна ад абставін, стану або сітуацыі (Dignitas infinita 1)», — напісаў у сваім пасланні Францішак.

Адной з самых відавочных прыкмет нашага часу стаў індывідуалізм: многія людзі імкнуцца да асабістай самарэалізацыі, максімальнай незалежнасці і адасобленасці ад іншых. Сям’я стала адной з галоўных ахвяр гэтай індывідуалістычнай культуры. Аднак калі мы старэем і нашыя сілы пачынаюць слабнуць, ілюзія таго, што мы ні ў кім не маем патрэбы і можам жыць без сацыяльных сувязяў, становіцца відавочнай ва ўсёй яе паўнаце. Чалавек застаецца адзін, без дапамогі, без кагосьці, на каго можна спадзявацца. «Гэта сумнае адкрыццё, якое многія людзі робяць, калі ўжо занадта позна», — папярэдзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Самота і пакінутасць усё шырэй распаўсюджваюцца ў сучасным грамадстве. Мы ўсё часцей страчваем «смак братэрства» (Fratelli tutti 33), і нам цяжка нават уявіць нешта іншае, напісаў Пантыфік. Ён нагадаў біблійную гісторыю Рут, якая мужна засталася побач з пажылою свекрывёю, навучыўшы нас таму, што самота не з’яўляецца непазбежным лёсам, што на заклік «Не пакідай мяне!» можна адказаць «Я не пакіну цябе!».

Святы Айцец заахвоціў прытрымлівацца прыкладу Рут «не баяцца мяняць свае звычкі і ўявіць сабе іншую будучыню для нашых пажылых людзей».

Папа выказаў падзяку ўсім тым, хто, часта ідучы на вялікія ахвяры, клапоціцца пра пажылых людзей, сваякоў або знаёмых, у якіх больш нікога няма. «Рут, якая вырашыла застацца побач з Наамі, была ўзнагароджана шчаслівым сужэнствам, сям’ёй і новым домам. Так бывае заўсёды: застаючыся побач з пажылымі людзьмі і прызнаючы іх унікальную ролю ў сям’і, грамадстве і Касцёле, мы самі атрымліваем шмат дароў, ласкі і благаслаўлення!» — напісаў Святы Айцец.

«У гэты чацвёрты Сусветны дзень пажылых давайце выкажам пяшчоту бабулям, дзядулям і пажылым членам нашых сем’яў. Давайце наведаем тых, хто ў роспачы і больш не спадзяецца на магчымасць іншай будучыні.

Эгаістычнаму стаўленню, якое вядзе да самотнасці і пакінутасці, давайце супрацьпаставім адкрытае сэрца і шчаслівыя твары тых, у каго хапае смеласці сказаць „Я не пакіну цябе!“ і стаць на іншы шлях», — заклікаў Папа Францішак.

Абноўлена 15.05.2024 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа