Пошук

08.05.2024 20:55   Паводле: Vatican News PL / Catholic.by
Фота: iubilaeum2025.va

9 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, падчас папскай цэлебрацыі ў ватыканскай базыліцы святога Пятра будзе ўручана і прачытана була аб абвяшчэнні Юбілею 2025 Святога года.

Напярэдадні гэтай гістарычнай падзеі польская рэдакцыя парталу Vatican News апублікавала каментар на тэму Юбілею біскупа Антоніё Стальяно, прэзідэнта Папскай тэалагічнай акадэміі, які звярнуў увагу на важнасць шматвяковай традыцыі звычайных юбілеяў і звязаных з імі ласкаў. У ім іерарх падкрэсліў, што юбілейны адпуст стане «шчодрым дажджом міласэрнасці для ўсіх».

«Гэта вялікі дар для Касцёла, які вынікае з Божай міласэрнасці», — сказаў біскуп Стальяно, заўважыўшы, што адпусты — гэта не «магія» ў Касцёле, але вопыт Божай любові, якая здольная перамяніць нашу чалавечнасць, пазначаную грахом. Магчымасць атрымання адпусту таксама для памерлых ён назваў часткай містыкі і камуніі Касцёла.

Біскуп Стальяно нагадаў, што юбілейны досвед не можа засяроджвацца толькі на знешнім жэсце праходу праз Святыя Дзверы або здзяйсненні нейкага жэсту міласэрнасці. «Вера сакрамэнтальная: мы павінны ў глыбіні сэрца прыняць рашэнне пайсці юбілейным шляхам да любові Бога, якая прабачае і адкупляе. Адпуст звязаны з глыбокім жаданнем змяніць сваё сэрца, а не толькі з літарай закону», — адзначыў прэзідэнт Папскай тэалагічнай акадэміі.

«Прабачэнне мае рэвалюцыйны характар. Калі я дазваляю Божаму прабачэнню трапіць у маё сэрца і забраць у мяне каменнае сэрца, каб я мог прыняць сэрца з цела, якое дае мне Божая міласэрнасць, і навучыцца прабачаць свайму брату, я прымаю логіку Бога», — сказаў біскуп Стальяно ватыканскім СМІ. Ён прызнаўся, што гэта дазваляе яму верыць, што надыходзячы юбілей у сувязі з войнамі ў свеце, у прыватнасці ва Украіне, а таксама на зямлі Езуса, ў Палестыне, можа мець вялікае рэвалюцыйнае грамадскае значэнне, і што акрэсленне «рэвалюцыйнае» не азначае менш містычнае, а «грамадскае» не азначае менш духоўнае, таму што Слова сталася целам, неба перавярнулася дагары нагамі, таму ўся духоўнасць свету таксама становіцца трансфармацыяй гісторыі, грамадства, цывілізацыі.

«Давайце падумаем пра нянавісць, якая нараджаецца ў гэтых войнах. Гэтыя нацыі робяць адзін аднаму тое, што аб’ектыўна недаравальна. А хрысціянства пераўзыходзіць гэта. Бог даруе людзям, якія забіваюць Яго Сына, і калі Бог даруе, гэта мае рэвалюцыйны зарад. Ёсць толькі адзін шлях.

Не дыпламатыя можа прынесці мір Украіне і Палестыне. Дыпламатыя можа прывесці да пагаднення аб ненападзе, хто ведае, як і на які тэрмін.

Сапраўдны мір, як падкрэслівае Папа Францішак, наступіць толькі тады, калі гэтыя народы прабачаць адзін аднаму», — лічыць прэзідэнт Папскай тэалагічнай акадэміі.

Абноўлена 08.05.2024 20:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.